Беларускі ратавальнік і трэнер па самба пераехаў у Польшчу і арганізаваў свой клуб
Васіль працаваў у Беларусі ратавальнікам і вучыў дзяцей барацьбе самба. Але ў 2022 годзе яму не працягнулі кантракт, і мужчына быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, піша МОST.
Першы час зарабляў на будоўлі, а зараз вядзе заняткі па самба і атрымаў запрашэнне ад самага буйнога варшаўскага клуба па дзюдо. Беларус расказаў MOST, як падчас пратэстаў 2020 года ратавальнікі адмовіліся паліваць людзей вадой, паказаў здымак антываеннага торта, які з’еў з калегамі ў свой апошні працоўны дзень, і патлумачыў, чаму не пакіне свой клуб.
Васіль нарадзіўся ў Пскове, а калі яму было два гады, сям’я вярнулася на малую радзіму бацькі — у Баранавічы. Пачаў займацца самба ён у другім класе, а ў 19 гадоў заваяваў другое месца на чэмпіянаце Еўропы. Трэніраваць дзяцей стаў у 2001 годзе, а праз некаторы час адкрыў уласны клуб.
«Бывала, што трэба было шукаць ахвяр пад заваламі»
У 2005 годзе Васілю прапанавалі працаваць ратавальнікам. Мужчына кажа, што яго задаволіў зручны графік — суткі праз двое, — які дазваляў сумяшчаць службу з трэнерскай дзейнасцю. Да таго ж супрацоўнікі МНС маглі ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
— Спорт у ратавальнікаў на годным месцы, бо МНС уваходзіць у спартыўную сістэму «Дынама», — тлумачыць мужчына. — Я выступаў і ў самба, і ў дзюдо, і ў рукапашным баі, і ў футбол гуляў.
Васіль прызнаецца, што яму больш падабалася займацца спортам. У тым ліку з-за дрэннага стаўлення начальства да ратавальнікаў: іх маглі пакараць проста за «нейкую незашпіленую лямку».
Тым не менш сама праца была важнай. Мужчына ўспамінае, як ратаваў жыцці. Напрыклад, выцягваў з падвалу людзей, якія страцілі там прытомнасць з-за ўгарнага газу.
— Часта бывала так, што дом цалкам згарае, і трэба шукаць ахвяр пад заваламі, — Васіль расказвае пра іншы бок працы ратавальніка. — І ты шукаеш, пакуль не заўважыш, што недзе з’явілася рука, з’явілася галава. І гэта вельмі цяжка. У асноўным гараць, скажам так, асацыяльныя элементы. Але яны ж і з дзецьмі могуць быць. Усіх, канешне, шкада, але дзяцей найбольш.
«Хлопцы адказалі, што не будуць паліваць, бо па той бок стаяць іх знаёмыя, сябры»
Васіль кажа, што пратэсты 2020 года баранавіцкія ратавальнікі ўспрынялі як і большасць беларусаў — былі настроены супраць улады. Абмяркоўвалі выбары і падзеі пасля іх. Але праз кароткі час начальства пачало закручваць гайкі — і размовы спыніліся.
Васіль успамінае паказальны выпадак, калі ратавальнікаў выклікалі на плошчу Леніна ў Баранавічах, дзе сабраліся пратэстуючыя. Міліцыя прыгнала туды вадамёт, але ў ім зламалася помпа, таму сілавікі хацелі прымусіць ратавальнікаў, каб тыя палівалі людзей. Аднак яны адмовіліся.
— Прыехала наша начальства і кажа: «Давайце палівайце, вы ж прысягу прымалі». Хлопцы адказалі, што не будуць, бо па той бок стаяць іх знаёмыя, сябры, — расказвае мужчына.
Ратавальнікаў да пары не чапалі, але калі заканчваліся працоўныя кантракты, то іх не працягвалі. Гэтак адбылося і з Васілём.
У 2020 годзе ён паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, каб атрымаць афіцэрскую пасаду перад выхадам на пенсію. Пасля заканчэння вучобы трэба было прайсці праверку КДБ.
— Праз два месяцы мне патэлефанаваў сам начальнік МНС па Брэсцкай вобласці, — успамінае Васіль, — і пачаў: «Як ты ўвогуле тут працуеш, калі засумняваўся ў нашым прэзідэнце?» І як раз у мяне падыходзіў канец кантракта. Выклікалі ў кадры і сказалі, што не могуць пакінуць на службе.
Прынёс на працу торт з надпісам: «Мы супраць вайны»
Кантракт закончыўся 26 лютага 2022 года — менавіта ў гэты дзень мужчыне споўнілася 44 гады. Каб развітацца з калегамі, Васіль прынёс на службу «антываенны» торт, які спякла жонка, — у жоўта-блакітных колерах і з надпісам «Мы супраць вайны».
— Я прапанаваў хлопцам зрабіць агульны здымак на памяць, — смяецца беларус. — А яны глядзяць на мяне такія: «Не-не! Торт мы з’ядзім, але здымак рабіць не будзем».
Адразу пасля заканчэння кантракта Васіль паехаў у Польшчу — адзін і з 50 доларамі ў кішэні. Мужчыну сустрэлі яго былыя вучні, якія дапамаглі ўладкавацца на будоўлю. Там ён прапрацаваў каля шасці месцаў, пасля чаго перавёз да сябе жонку і дачку.
Беларус кажа, што ў Польшчы і Літве зараз даволі шмат былых МНСнікаў. Ён сустракаў тут нават тых ратавальнікаў, якія з ім працавалі ў Баранавічах. Тыя ж, хто застаўся ў Беларусі, кажуць, што кожны дзень узмацняецца ціск з боку начальства. Таму ўсё больш людзей звальняецца.
Трэніроўкі дапамагаюць у адаптацыі і камунікацыі
Год таму Васіль уладкаваўся ў вялікі варшаўскі фітнес-цэнтр — арганізаваў там клуб BARS і вучыць дзяцей барацьбе самба. У асноўным запісваюцца беларусы і ўкраінцы. Мужчына кажа, што польскія дзеці не заўсёды вытрымліваюць яго трэніроўкі, яны любяць больш пабавіцца, а не працаваць.
— Я не скажу, што ўсе польскія дзеці такія, але некаторая перад гэтым займаліся два гады дзюдо, а не могуць кувырок наперад зрабіць. Ну і што яны там два гады рабілі? — не разумее беларус.
Але дадае, што самба ў Польшчы не вельмі вядомае, бо гэта «расійскі спорт». Ён і іншыя самбісты спрабуюць прасоўваць гэтую барацьбу ў Еўропе. Напрыклад, ужо прайшлі некалькі арганізаваных імі турніраў Free Sambo ў Германіі і адзін у польскім Кракаве.
А нядаўна Васіля запрасілі на працу ў адзін з самых буйных і паспяховых клубаў Варшавы па дзюдо — там займаецца каля 2800 чалавек.
— Але і свой клуб я не пакіну, бо гэта маё, як кажуць, «детище», — дзеліцца беларус. — Ну як я іх пакіну? Я ж і назваў яго BARS, бо мой клуб у Баранавічах таксама так называўся. І гэта скарачэнне ад слоў БАРанавічы і Самба. Тут у мяне больш за 30 чалавек трэніруецца. Гэта ўжо як дзеці мае.
Васіль прызнаецца, што вельмі любіць трэніраваць дзяцей. Ён гэта адчуў адразу, калі набраў сваю першую групу 24 гады таму. Былі і вынікі, напрыклад адзін з баранавіцкіх вучняў стаў чэмпіёнам Еўропы па самба.
Мужчына дадае, што заняткі барацьбой даюць нешта большае, чым проста спартыўныя навыкі. Так, бацькі вучняў, што займаюцца ў варшаўскім клубе, адзначаюць: трэніроўкі вельмі дапамагаюць дзецям у адаптацыі і ў камунікацыі — яны пачынаюць адчуваць сябе больш упэўнена.
«Беларусь мне падабалася напачатку незалежнасці»
Васіль хоча прыехаць у Беларусь, але не ведае, калі гэта атрымаецца, бо не бачыць, што перамены прыйдуць бліжэйшым часам. На радзіме ён пакінуў прыватны дом, які застаўся ад дзеда — мужчына скончыў яго перабудову як раз перад новым 2022 годам.
— Беларусь мне падабалася напачатку незалежнасці, — прызнаецца Васіль. — У мяне ж нават маё пасведчанне майстра спорту з «Пагоняй». А потым пайшлі змены.
Ён дадае, што калі быў дзіцём, то яго равеснікі цікавіліся гісторыяй роднай краіны, але зараз такога ўжо няма. Гэта вельмі кантрастуе з тым, што мужчына бачыць у Польшчы.
— Я летам паехаў у лагер па дзюдо і быў у шоку, калі пабачыў польскіх дзяцей 13-14 гадоў, якія сядзяць і размаўляюць пра палітыку, дзеляцца гістарычнымі звесткамі. То бок яны сочаць за гэтымі тэмамі, а не толькі за Ціктокам.
Читайте еще
Избранное