Общество

Ціханоўская: «Заробкі, што ледзь пакрываюць камуналку і харчаванне, сталі звычайнай з’явай»

Лідарка беларускіх дэмсіл — з нагоды 1 траўня.

Святлана Ціханоўская. Фота: Getty Images

— Сённяшняе «свята» прыйшло да нас з савецкіх часоў, калі пра працу казалі як пра гонар, пра рабочага — як пра героя. Але толькі на словах, — піша Святлана Ціханоўская. — На справе рабочы быў толькі рухавіком у вялікай сістэме, дзе чалавечае жыццё не каштавала нічога.

На жаль, менавіта гэта пераняў і сучасны рэжым. Улада дагэтуль жыве ў тым свеце, дзе чалавек — не асоба, а рэсурс, які можна вычарпаць на сваю карысць.

Таму 12-гадзінныя змены, пасля якіх не застаецца ні сілаў, ні часу на сям’ю — гэта рэчаіснасць. Заробкі, што ледзь пакрываюць камуналку і харчаванне, сталі звычайнай з’явай.

Медыкам адмяняюць абяцаныя выходныя, спасылаючыся на недахоп кадраў, а за фота з пратэстаў звальняюць чарговага работніка пасля доўгіх гадоў, адданых працы.

І гэта — на фоне гучных прамоваў пра «стабільнасць» і «развіццё». Але цэны растуць, умовы не паляпшаюцца, а прадпрыемствы ператвараюцца ў руіны — без інвестыцыяў і стратэгіі.

І ўсё ж вы працягваеце працаваць, карміць сем’і, падтрымліваць адно аднаго. І вы заслугоўваеце іншага: прызнання, годнай аплаты, чалавечых умоваў працы. Вы маеце права патрабаваць павагі і чалавечага стаўлення. Маеце права планаваць жыццё без страху за пасаду, будучыню сваіх дзяцей і сваё здароўе.

Клопат пра чалавека і падтрымка — вось што павінна быць у цэнтры ўвагі дзяржавы. Бо людзі не вінцікі. Людзі — нашая найвышэйшая каштоўнасць. І гэты дзень не свята пустых лозунгаў, а даніна павагі ўсім, хто сваёй працай стварае лепшую Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)