Политика

Цыганкоў: «Грамадзянам Узбекістана яшчэ менш стымулу ехаць у небагатую Беларусь»

Лукашэнка зноў запрашае азіятаў ехаць працаваць у Беларусь. Папярэдняя ідэя з запрашэннем пакістанцаў цалкам правалілася, піша Віталь Цыганкоў на Радыё Рацыя.

Віталь Цыганкоў

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рад бачыць грамадзян Узбекістана, якія прыедуць працаваць у Беларусь. Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы з амбасадарам гэтай краіны Рахматулой Назаравым.

— Шмат узбекаў жыве ў нас і хочуць жыць і працаваць. Гэта нашы людзі. Мы з вялікім задавальненнем, асабліва сямейных, запрашаем да сябе. У нас, на жаль, не такі рост, як у вас, народанасельніцтва. Таму мы заўсёды рады бачыць вельмі працалюбівых узбекскіх людзей, калі яны вырашаць сюды прыехаць, – заявіў Лукашэнка.

І тут, як у тым знакамітым украінскім мульціку пра ваўка, хочацца спытаць: «Што – опять?».

Сапраўды, гэта мы ўжо чулі: летась 11 красавіка 2025 года падчас сустрэчы ў Менску з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбаз Шарыфам Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч пакістанскіх спецыялістаў для працы ў розных сектарах эканомікі.

Памятаем, якія гарачыя дыскусіі выклікалі гэта запрашэнне, людзі масава абураліся ў сацыяльных сетках, а сілавікі нават затрымлівалі тых, хто негатыўна выказваўся пра магчымы прыезд пакістанцаў. Безумоўна, улады гэта маніторылі і адпаведна дакладала наверх пра негатыўныя грамадскія настроі.

Прайшоў амаль год, і можна смела сказаць, што ідэя з пакістанцамі на сёння цалкам правалілася – у Беларусь прыехалі літаральна некалькі дзясяткаў, максімум некалькі сотняў чалавек з гэтай краіны. І прычына не столькі ў негатыўным стаўленні беларусаў да гэтай ідэі (у пэўных сітуацыях уладу гэта не турбуе), а чыста ў фінансах і эканоміцы.

У Пакістане сярэдні заробак каля 300 даляраў, каб мігранту быў сэнс ехаць у Беларусь, яму трэба зарабляць тут нашмат болей, мінімум 700 даляраў, каб ён, плацячы тут за ежу і пражыванне, мог нешта адкладаць і прысылаць на радзіму.

Хто ж яму дасць такія грошы за простую фізічную працу? Бо ў Беларусі медыяльны заробак (апошнія дадзеныя, за лістапад) складае 2081 рубель, тыя ж самыя 700 даляраў.

Ну, а цяпер Лукашэнка запрашае прыехаць грамадзян Узбекістана. Аднак сярэдні заробак ва Узбекістане складае каля 500 даляраў. Яшчэ менш стымулу ехаць у небагатую Беларусь.

Заявы Лукашэнкі зноў падкрэсліваюць стратэгічную праблему беларускай эканомікі – недахоп працоўных рук, якая абвастрылася з-за таго, што пасля 2020 года з краіны з’ехала як мінімум паўмільёна высокаадукаваных і прафесійных людзей.

Улады ды і бізнэс апошнія гады вымушаны былі павышаць заробкі тым, хто застаўся, што падвышала вытворчыя выдаткі і пагаршала прыбытковасць і рэнтабельнасць беларускіх прадпрыемстваў. Гэты рэсурс падышоў да канца. І цяпер улада не знаходзіць іншага выхаду, акрамя запрашэння мігрантаў.

Другі варыянт – спыніць рэпрэсіі, аднавіць законнасць, правы працоўных, каб у краіну маглі вярнуцца тыя сотні тысяч беларусаў, якія зʼехалі па палітычных прычынах, – Лукашэнка не разглядае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)