Политика

Карбалевіч: «Пры абароне ўдар наносіцца па ворагу, які ступіў на беларускую тэрыторыю. Для гэтага «Арэшнік» не пасуе»

Хто вінаваты ў гонцы ўзбраеньняў? Спрэчныя адказы міністра Рыжанкова анализуе Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў выступіў на штогадовай Канфэрэнцыі ААН у пытаньнях раззбраеньня ў Жэнэве. І заклікаў да міру, раззбраеньня, дэмілітарызацыі, зьніжэньня ваенна-палітычнай напружанасьці.

І гэта на тле ратыфікацыі беларускім парлямэнтам дамовы аб гарантыях бясьпекі з Расеяй, якая прадугледжвае магчымасьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх войскаў і вайсковых аб’ектаў. На тле бясконцай мілітарысцкай гістэрыі. Падчас таго, што беларусаў кідаюць у турмы за заклікі да міру і спыненьня вайны Расеі супраць Украіны.

Паводле міністра, у цяперашняй гонцы ўзбраеньняў вінаваты Захад. У прыватнасьці, Рыжанкоў з абурэньнем апавядаў пра тое, што суседнія Польшча і Літва павялічваюць выдаткі на абарону. Ня хоча прызнаваць, што гэта рэакцыя на расейскі напад на аднаго са сваіх суседзяў. Ці варта зьдзіўляцца, што іншыя краіны рэгіёну робяць адпаведныя высновы і ўзбройваюцца?

У выступе Рыжанкова выкладаецца некалькі спрэчных тэзаў, якія разыходзяцца з рэчаіснасьцю. Вось, напрыклад, ён заяўляе:

«Мы пасьлядоўна і, падкрэсьлю асабліва, празрыста для суседзяў і міжнароднай супольнасьці робім вымушаныя крокі ў адказ дзеля гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі і ўмацаваньня абараназдольнасьці нашай краіны, у тым ліку пры падтрымцы нашага найбліжэйшага саюзьніка, Расеі».

А як насамрэч? Сёлета ў верасьні на тэрыторыі Беларусі пройдуць сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025», якія выклікаюць вялікую заклапочанасьць суседзяў. Бо ўсе памятаюць, што тры гады таму расейскія войскі пасьля падобных вучэньняў распачалі зь беларускай тэрыторыі наступ на Ўкраіну.

У вучэньнях возьмуць удзел звыш 13 тысяч вайскоўцаў. У адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам аб мерах даверу і бясьпецы, пры такой колькасьці ўдзельнікаў патрэбна запрашаць міжнародных назіральнікаў.

На гэты конт начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Беларусі генэрал-маёр Валер Равенка 10 студзеня паведаміў:

«Мы плянуем запрасіць дэлегацыі ад нашых саюзьнікаў, сяброў, партнэраў на гэтае вучэньне. Абмяркоўваецца, каго запрасіць на якія этапы. Мы ставімся станоўча і да шэрагу дзяржаў — членаў Эўразьвязу, асобных краін — сяброў NATO».

Значыць, як і на беларускія выбары, на вучэньні запросяць назіральнікаў з краін-партнэраў кшталту ШАС. А вось што тычыцца сяброў NATO, то сярод іх запрашэньні атрымаюць толькі «асобныя краіны». Можна меркаваць, гэта будуць прадстаўнікі Вугоршчыны, вядомай сваёй прарасейскай пазыцыяй. А вось ці запросяць суседзяў, якія гэтымі вучэньнямі найбольш заклапочаныя? Пэўнасьці няма.

Яшчэ адзін спрэчны тэзіс. Рыжанкоў кажа:

«Супрацоўніцтва Беларусі і Расеі не нясе пагроз трэцім краінам. Хопіць гаварыць аб пагрозе „рускія ідуць“. Нікуды яны далей ня прыйдуць! Ні ў Бэрлін, ні ў Парыж».

Гэта гаворыцца пасьля ўсім вядомага факту, што тры гады таму расейскія войскі пасьля вучэньняў пачалі наступ на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі і спрабавалі штурмаваць Кіеў. Шмат месяцаў расейцы абстрэльвалі Ўкраіну зь беларускай зямлі. Беларусь была названая краінай-суагрэсарам у дакумэнтах шэрагу міжнародных арганізацый.

Міністар Рыжанкоў даводзіць:

«Выключна ў абарончых мэтах на тэрыторыі Беларусі будуць разьмешчаныя расейскія балістычныя ракеты «Арэшнік».

Адмыслоўцы ведаюць, што падзел зброі на абарончую і наступальную даволі ўмоўны. Тым ня менш варта зазначыць, што ракета «Арэшнік» ляціць на адлегласьць звыш 5 тысяч км. Гэта значыць, што, запушчаная з тэрыторыі Беларусі, яна здольная дасягнуць амаль усіх эўрапейскіх сталіц.

Пры абароне ўдар наносіцца па ворагу, які ступіў на беларускую тэрыторыю. Для гэтага «Арэшнік» не пасуе. У такім выпадку патрэбна зброя бліжняга бою. Ракета, якая ляціць на далёкую адлегласьць, прызначаецца для нападу.

Увогуле, калі суагрэсар, самы блізкі саюзьнік краіны, якая напала на суседа, разважае пра каштоўнасьць міру, раззбраеньня і дэмілітарызацыі, гэта, прынамсі, гучыць крывадушна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)