Политика

Карбалевіч: «Вельмі паказальна кажа пра тое, што зьяўляецца для Лукашэнкі ўзорам дзяржаўнага ладу»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода – пра захапленьне хунтай, як люстэрка беларускай улады.

На афіцыйным прыёме ў гонар Аляксандра Лукашэнкі ў М'янме, 28 лістапада 2025

Падчас візыту ў М’янму Лукашэнка выказаў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. А між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.

Завяршыўся двухдзённы афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў М’янму. Пасьля перамоваў з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта М’янмы Мін Аўнг Глайнгам ён заявіў: «У вашага народа, у вашай краіны вялікая будучыня. Паверце майму досьведу. Я мала бачыў такіх лідэраў і кіраўнікоў дзяржаваў, як вы і вашыя калегі, якія імкнуцца кожны дзень нешта зрабіць для ўласнага народу. Мне вельмі імпануе такая пазыцыя, і я гатовы разам з вамі працаваць».

Такое захапленьне гэтай краінай і кіроўным там рэжымам вельмі паказальнае. Яно шмат кажа пра тое, што зьяўляецца для Лукашэнкі ўзорам дзяржаўнага ладу.

Што такое сёньняшняя М’янма? Гэта адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта, нікім не выбраная нават фармальна. У краіне ідзе грамадзянская вайна паміж хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі, якую кіроўны рэжым вядзе вельмі жорсткімі мэтадамі.

У 2024 годзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт кіраўніка ваеннай хунты Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

Магчыма, загадка такога захапленьня М’янмай палягае ў тым, што рэжымы і ўвогуле, палітычная рэчаіснасьць у Беларусі і гэтай краіне вельмі падобныя. Гэтае падабенства выяўляецца шмат у чым.

У 2021 годзе ў М’янме адбыўся дзяржаўны пераварот, быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад. Масавыя пратэсты былі жорстка задушаныя, было забіта каля 1600 чалавек. За кратамі апынуліся тысячы палітзьняволеных, сярод іх — 240 дзяцей. Адносна арыштаваных прымяняліся катаваньні. Гэта добра знаёма беларусам.

У М’янме зьняволілі Нобэлеўскую ляўрэатку Аўнг Сан Су Чы, якая да хунты ачольвала краіну. Ёй прысудзілі 33 гады зьняволеньня. У Беларусі ў вязьніцы застаецца ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Як і зь Беларусі, з М’янмы адбываецца масавы сыход грамадзян. 3,5 мільёна жыхароў вымушаныя былі зьехаць з сваёй краіны.

Таксама, як і Беларусь, М’янма знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Лукашэнка стаў другім палітыкам, які наведаў М’янму пасьля перавароту. У 2021 годзе ў гэтую краіну прыяжджаў тагачасны прэм’ер Камбоджы Хун Сэн. Сяброўства з м’янмскім рэжымам моцна б’е па рэпутацыі палітыкаў. На збліжэньне зь ім ідуць толькі тыя кіраўнікі, якім ужо няма чаго губляць.

Яшчэ адзін факт, які сьведчыць пра роднасьць рэжымаў. Прадстаўнікі м’янмскай хунты прыяжджалі ў Менск, каб «вывучыць беларускую выбарчую сыстэму». Бо там хутка адбудуцца парлямэнцкія выбары.

Падчас перамоваў шмат апавядалі пра выбітныя пэрспэктывы двухбаковага супрацоўніцтва. Аднак рэальнасьць такая, што ў 2024 годзе экспарт з М’янмы ў Беларусь склаў прыкладна 445 тысяч даляраў, а ейны імпарт зь Беларусі ацэньваецца прыкладна ў 426 тысяч даляраў.

Такім чынам, агульны аб’ём гандлю — менш за 1 млн даляраў. То бок з эканамічнага гледзішча цікавасьць краін адна да адной блізкая да нуля. Невядома, ці акупяцца выдаткі на гэты візыт.

Праваабаронцы паведамлялі, што Беларусь прадае М’янме зброю. І ўвогуле ў адносінах дамінуе ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Яшчэ было ўрачыста аб’яўлена, што падпісаная дамова аб узаемным бязьвізавым рэжыме паміж краінамі. Але ці шмат беларусаў захоча ехаць у край, дзе ідзе грамадзянская вайна? Тым больш пасьля нядаўняй загадкавай сьмерці ў М’янме беларускі Веры Краўцовай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(7)