Коршунаў: Прапаганда працуе — уплывае, у тым ліку, на моладзь
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў асэнсовае, як прайшлі апошнія пяць год для беларусаў.
— 2020-2021 гады былі рэвалюцыйнымі для грамадства — у гэты час цалкам змянілася самаасэнсаванне. Людзі асэнсавалі сябе як тыя, хто можа хацець і адстойваць свае патрабаванні, — кажа Коршунаў у эфіры Еўрарадыё. — 2021 год нас шарахнуў рэпрэсіямі — яны сістэматызаваліся і выйшлі на ўзровень контррэвалюцыі.
2022 год — пачатак вайны і апошні выбух пратэсту, пасля якога контррэвалюцыя стала яшчэ больш падобна на акупацыю.
— З 2021 года ў нас было прадчуванне вайны, але ў сэнсе, што гэтага не можа быць. У беларусаў актывізавалася старая траўма Вялікай Айчыннай вайны — «ніколі зноў». У Беларусі гэта значна больш моцная рэч, чым у Расіі, бо насельніцтва Беларусі некалькі гадоў натуральна было пад акупацыяй.
Расія акупацыі ў такім выглядзе не ведала. Таму ў нас гэта добра прасякнулася ў грамадскую свядомасць.
Да чакання вайны дадалося чаканне эканамічнага апакаліпсісу — сітуацыя падмацоўвалася думкамі, што прыйдзе крах знаёмага жыцця, заробкаў, пенсій і г.д. Але зараз, як я бачу па даследаваннях, чаканне апакаліпсісу пачынае прыціхаць, амаль у два разы ў параўнанні ў красавіком 2022-га знізілася і чаканне вайны.
Зараз на першыя месцы ў беларусаў выходзяць праблемы эканомікі і бяспекі. Людзі кажуць: «Добра, што на вуліцах няма крыміналу, што мы не ўвайшлі ў вайну», але амаль палова рэспандэнтаў кажа, што ім неспакойна — не на вуліцы, а ад дзяржавы.
То бок дзяржава для свайго грамадства адчуваецца як пагроза, гэта нонсэнс. Я б казаў, што часткай грамадства рэжым успрымаецца як акупацыйны.
Апроч таго, абапіраючыся на свае апошнія даследаванні, сацыёлаг адзначае, што па некаторых рэчах заўважна, што беларуская прапаганда працуе — у тым ліку на моладзь.
— Не толькі ў тым, пра што думаць. Прапаганда яшчэ і задае вектар. Бо шмат пра што зараз не кажацца. У школе не кажуць настаўнікі, бо ў іх ёсць пэўныя метадычкі, бацькі баяцца шчыра абмяркоўваць гісторыю найноўшай Беларусі, у тэлебачанні таксама вельмі абмежаваная карцінка пра што можна і не можна казаць.
Усё гэта абмяжоўвае магчымасці не толькі разумення свету, але і задае патэрны, словы, якія мы выкарыстоўваем для асэнсавання таго, што ёсць.
Сацыёлаг прыводзе прыклад — у гэтым годзе даследчыкі пыталі ў рэспандэнтаў: «Інтарэсы якіх груп насельніцтва прадстаўляе і абараняе дзейная ўлада?». Найбольшая доля сярод розных груп насельніцтва, хто адказаў, што ўлада абараняе ўразлівыя групы (пенсіянераў, шматдзетных), была сярод моладзі.
— Але ж яны самі не пенсіянеры, не шматдзетныя. То бок на асабістым узроўні гэтага не ведаюць. Яны не глядзяць тэлебачанне, але да іх даносяцца такія наратывы — сказалі, значыць, гэта так. Таму прапаганда працуе.
Читайте еще
Избранное