Мы ведаем, што рэжым Лукашэнкі адных выпускае, іншых бярэ. Таму мы не павінны паддавацца ілюзіям, што нешта зьменіцца. Ён ужо ня зьменіцца.
Літоўскі дэпутат: для паляпшэньня адносін з рэжымам Лукашэнкі ёсьць тры ўмовы
Ці магчыма аслабленьне ці адмена санкцыі адносна беларускіх калійных угнаеньняў і аднаўленьне іх транзыту празь Літву?
На гэтае пытанне Радыё Свабода адказаў дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аштравічус.
— Я асабіста ня бачу ніякіх для гэтага прычын. Павінны быць выкананыя тры ўмовы.
Па-першае, рэжым Лукашэнкі павінен адмовіцца ад любых плянаў вайны супраць Украіны, у тым ліку, і ад прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.
Па-другое, вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, усіх без выключэньня.
І па-трэцяе, што важна для Літвы, гэта адмова ад спробаў выкарыстаць міграцыйны ціск, нелегальную іміграцыю. Тады можна пра нешта размаўляць.
Цяпер жа, робячы такія маленькія крокі, і думаючы, што нешта зьменіцца і пусьцяць калій... Я сам стану на дарогу і не пушчу той калій.
Літоўскі палітык адкінуў магчымасьць паляпшэньня дачыненьняў з афіцыйным Менскам толькі на падставе вызваленьня некалькіх палітвязьняў:
— Вядома, ня трэба ісьці на ніякія непатрэбныя кампрамісы. Я ня ведаю, з чым тут былі зьвязаныя гэтыя візыты ў Менску, але калі гэта пойдзе на куплю-продаж — на гандаль людзьмі...
Толькі зьмяніўшы гэты рэжым можна спадзявацца на нейкую ясную эўрапейскую будучыню для Беларусі. І пра гэта мы будзем гаварыць. Гэта штодзённая праца і штодзённы клопат усіх, хто бярэ ў гэтым удзел. Таму я тут.
Читайте еще
Избранное