Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс
Тэма цыгарэтнай кантрабанды цяпер на слыху, бо праз тое, што цыгарэты масава ляцелі на метэазондах, Літва закрыла мяжу з Беларуссю да снежня. Такія цыгарэты трапляюць у Еўрасаюз не адзін дзясятак гадоў. Наша Ніва расказвае, як працуе гэты бізнэс.
Як цыгарэты трапляюць з Беларусі ў Еўрасаюз?
У населеных пунктах, размешчаных каля мяжы з Польшчай і Літвой (Гродзенская вобласць і захад Брэсцкай), вялікая колькасць людзей так ці інакш цягам жыцця была звязаная з кантрабандай.
У найбольш выгадным становішчы раней былі жыхары Гродна. На адлегласці 20—25 км ад горада знаходзяцца адразу два пункты пропуску — «Брузгі» («Кузніца» з боку Польшчы) і «Прывалка» («Райгарад» з боку Літвы).
На тое, што кантрабандны бізнэс квітнее, указвала, у тым ліку, вялікая колькасць крам, якія спецыялізаваліся на аптовым і дробнааптовым гандлі цыгарэтамі. Напрыклад, на адной толькі вуліцы Суворава, якая вядзе з Гродна ў бок Польшчы, да пандэміі працавалі мінімум чатыры такія крамы.
Частка такіх крам працавала ў рэжыме 24/7. Але гэта далёка не адзіныя месцы, дзе кантрабандысты маглі гуртам закупацца цыгарэтамі танней, чым у крамах.
Польшча — самы папулярны кірунак для шараговых кантрабандыстаў
Менавіта польскі кірунак заўжды быў самым папулярным.
Людзі, якія не мелі аўто, звычайна вазілі цыгарэты, прымацоўваючы іх да сябе. Натуральна, такім чынам можна было правезці невялікую партыю — 2—5 блокаў. Асобная «мафія» ездзіла на электрычцы, якую кантрабандысты штодня фактычна разбіралі, каб схаваць свой тавар.
Вельмі папулярнай была кантрабанда на аўто. Польская мытня канфіскоўвала машыну толькі ў выпадку, калі было схавана больш за адзін кораб цыгарэт (50 блокаў, або 500 пачак). З часам «норма», па якой штраф заставаўся адносна невялікім, знізілася да 40 блокаў, а пазней ужо пасля 30 блокаў пачаў дзейнічаць павышаны тарыф на штраф.
Пры гэтым заўсёды былі тыя, хто адважваўся вазіць больш за 50 блокаў у надзеі на тое, што нават калі і трапіш «на яму» (бокс з паглыбленым даглядам), то вымуць не ўсе, а, значыць, можна застацца з аўто.
Такія машыны на слэнгу кантрабандыстаў называліся «бомбамі» — бо ў любы момант можна застацца без аўто.
«Працоўныя змены» і «беруны»
Без «разведкі» з цыгарэтамі праз мяжу ездзілі або толькі з зусім малымі партыямі (напрыклад, 1‑3 блокі), або навічкі, якія не мелі знаёмых сярод дасведчаных кантрабандыстаў.
Прафесіяналы ж дзяліліся паміж сабой інфармацыяй, дзе працуе той ці іншы мытнік, ці ёсць на мяжы сабака і гэтак далей.
Польскіх мытнікаў умоўна дзялілі на тры групы. «Платнікі» (або «беруны») бралі хабары і прапускалі машыны з цыгарэтамі. «Пафігісты» асабліва не шукалі цыгарэты і прынамсі тых, хто не меў раней штрафаў, прапускалі без праблем. І апошняя група — тыя, хто спецыялізаваўся на пошуку цыгарэт і не браў хабару.
Змены, у якіх было шмат лаяльных мытнікаў і «платнікаў», называлі «працоўнымі». Таму ад складу мытні на польскім баку моцна залежала, будзе вялікая чарга ці не.
«Стандартная такса была 100 злотых. Каб праплаціць правоз кантрабанды, дастаткова было ведаць, што на гэтым радзе стаіць «бярун». Падчас агляду аўто кажаш: «Мам там для пана ў бардачку / пад дыванкем», — і гэтак далей. Мытнік нібыта надглядае аўто, забірае ў пэўным месцы сваю ўзнагароду і ідзе далей.
Ніякага блату ці папярэдняй дамоўленасці мець не трэба было, таму гэта таксама было плюсам, чаму большасць кантрабандыстаў вазіла цыгарэты ў Польшчу, а не Літву», — тлумачыць былы кантрабандыст.
Без гарантый
Гэта не азначала 100% поспех, бо часам на мяжы з'яўляліся «чорныя» (мытнікі з аддзела па барацьбе з кантрабандай), якія маглі ў любы момант з’явіцца на радах і вылічыць знаёмае аўто.
Тым не менш дасведчаныя кантрабандысты з вялікай колькасцю штрафаў стараліся ездзіць менавіта праз «платнікаў», бо гэта значна павышала шанцы на поспех.
«Людзі, якія не мелі штрафаў, як правіла, хабараў не плацілі і часцяком ездзілі па зялёным канале, але калі ведалі, што працуе мытнік «пафігіст», бо інакш доўга не праездзіш», — кажа суразмоўца.
Літва ў жыхароў Гродна, Мастоў, Шчучына і Ваўкавыска карысталася куды меншай папулярнасцю адразу па шэрагу прычын.
«Літоўскія мытнікі ў плане праплаты не працавалі, як іх польскія калегі, а машыну ў Літве канфіскоўвалі, калі знаходзілі больш за 10 блокаў. У дадатак у Польшчы на зваротным шляху амаль заўжды можна было ўзяць тавару на перакід і зарабіць дадатковыя грошы», — тлумачыць чалавек, які ў 2010‑х вазіў цыгарэты ў Польшчу.
«Са сваім мытнікам мы сустракаліся раз на 1‑2 месяцы»
Суразмоўца, які спецыялізаваўся на літоўскім кірунку, кажа, што там сапраўды была свая спецыфіка.
«Калі ў Польшчу вазілі па некалькі дзясяткаў блокаў, то ў Літву, як правіла, карабамі», — тлумачыць чалавек, які ў 2010‑-2013 гадах займаўся кантрабандай цыгарэт у Літву.
Па яго словах, каб паспяхова працаваць у гэтым кірунку і вазіць цыгарэты вялікімі партыямі, трэба было знайсці выхад на літоўскага мытніка.
«На мяжы хабару не давалі, загадзя па асобным тэлефоне дасылалі нумары машын, якія будуць перасякаць мяжу. Са сваім мытнікам мы раз на 1‑2 месяцы сустракаліся ў Аліце (Алітус), дзе і адбываўся разлік».
Літва і Польшча не заўсёды канчатковыя пункты
Суразмоўца кажа, што здаваў цыгарэты ў літоўскім Марыямпалі.
«Наколькі мне было вядома, літовец, які оптам скупляў кантрабандныя цыгарэты, меў два дробныя пункты збыту ў Літве — па адным у Марыямпалі і Вільні.
Але большая частка гэтых цыгарэт ішла далей. Яны спецыялізаваліся на Англіі і скандынаўскіх краінах, куды паромам перавозілі цыгарэты ў пераробленых для гэтага аўто», — тлумачыць былы кантрабандыст.
Што да пераробкі аўто, то, па словах суразмоўцы, было два цэнтры, дзе можна было гэта зрабіць.
«У Беларусі на пераробцы аўто пад кантрабанду цыгарэт спецыялізаваліся ў Брэсцкай вобласці. Спецы былі як у самім Брэсце, так і ў Моталі і Янаве.
У залежнасці ад складанасці і аб'ёму працы бралі яны ад 1200 да 1500 даляраў за аўто.
Але найлепшымі майстрамі лічыліся літоўцы — яны бралі за аўто ад 2000 да 2500 еўра (усе лічбы па стане на 2010‑2013 гады — НН), але рабілі якасней. Да іх на пераробку ездзілі не толькі з Беларусі, але і з Польшчы», — згадвае суразмоўца.
Зрэшты, не толькі Літва станавілася перавалачнай базай. Суразмоўца, які працаваў на польскім кірунку, кажа, што паляк, якому ён здаваў цыгарэты, перапрадаваў іх оптам іншым палякам, якія пасля везлі гэтыя цыгарэты ў краіны Заходняй Еўропы.
«Ягоны інтарэс быў усяго адзін даляр з блока, але гэта не значыць, што зарабляў ён мала, бо за суткі, калі на мяжы працавала добрая змена, да яго прыязджала не адна-дзве машыны, а нашмат больш.
Нават для выгрузкі тавару часам даводзілася чакаць, пакуль ён адпусціць іншых калег, а за табой таксама чарга збіраецца», — згадвае былы кантрабандыст.
Той факт, што далей па Еўропе цыгарэты дастаўлялі ўжо польскія і літоўскія кантрабандысты, тлумачыцца тым, што ў іх даўно сфармаваліся вялікія дыяспары, якія жывуць у розных краінах Еўропы.
«Як распавядаў той паляк, большасць ягоных кліентаў вазілі цыгарэты ў Германію і Францыю.
Прынамсі, у 2010‑х сярод беларусаў, якія б вазілі цыгарэты далей за Польшчу і Літву, людзей было вельмі мала, бо гэта залатая жыла, якой ніхто не хоча дзяліцца.
Пры перавозцы па Еўрасаюзе рызыка спаліцца мінімальная, а заробкі добрыя, бо вазілі яны ўжо па некалькі карабоў. Звычайна на мінівэнах, мікрааўтобусах і вялікіх джыпах.
Машыны ўсе перароблены так, што калі яна будзе ездзіць праз знешнюю мяжу ЕС, то пры першым жа заездзе на паглыблены надгляд мытнікі ўбачаць, што машына перароблена. А калі гэта нейкі павярхоўны кантроль на дарозе ўнутры Еўропы, то шанцаў спаліцца мінімум», — кажа суразмоўца.
У куды буйнейшых маштабах цыгарэты дастаўляліся па зялёнай мяжы праз Літву (прынамсі да пачатку міграцыйнага крызісу, арганізаванага Лукашэнкам, і з'яўлення агароджы летам 2022-га), а таксама грузавікамі і асабліва па чыгунцы.
Так, напрыклад, 30 жніўня 2021 года літоўская мытня знайшла 66 карабоў цыгарэт у таварным цягніку, які ішоў з Беларусі. Агулам за жнівень 2021 года літоўская мытня знайшла 395 карабоў з цыгарэтамі, якія кантрабандысты намагаліся даставіць у ЕС.
Часам рынак кантрабандных цыгарэт быў перанасычаны
Здаралася, што на рынку кантрабандных цыгарэт падалі цэны, бо рынак быў перанасычаны.
Адбывалася гэта пасля таго, як у Польшчу або Літву праязджала адразу некалькі фур, гружаных цыгарэтамі. У такія перыяды дзялкам даводзілася крыху дэмпінгаваць, бо на рынку было шмат цыгарэт у выдатным стане.
«Прычым гэта не абавязкова мусілі быць цыгарэты з Беларусі, бо кантрабандай таксама актыўна займаліся расіяне з Калінінградскай вобласці, якія, як і мы, вазілі цыгарэты ў Польшчу і Літву, а таксама ўкраінцы, якія вазілі іх у Польшчу».
Колькі на гэтым мог зарабіць кіроўца?
Пагаварыць з людзьмі, якія былі б замяшаныя ў кантрабандзе цыгарэт у асабліва буйных маштабах, нам не ўдалося, але пэўныя падрабязнасці згадаў дальнабойшчык, якому ў 2019‑м прапанавалі вазіць цыгарэты на фуры.
Паляк, у якога ён працаваў кіроўцам, пазваў на офіс і прапанаваў добры заробак за тое, каб вазіць цыгарэты недзе з-пад Мінска ў польскія Сувалкі.
«Паляк патлумачыў, што цыгарэты будуць ехаць схаванымі ў бярвёнах, а на абедзвюх межах усё нібыта дамоўлена, таму рызыкі мінімальныя», — згадвае мужчына.
Дальнабойшчык кажа, што калі ў тыя часы звычайныя кіроўцы мелі заробкі ад 1500 да 2000 еўра, то за працу на такім маршруце яму прапанавалі 4000‑4500 еўра за месяц.
«Як дакладна працавала гэтая схема, не ведаю, бо ад такой прапановы я адмовіўся, але памятаю, што шукалі адразу некалькі ахвотных, каб за раз праязджала не адна фура», — дзеліцца суразмоўца.
Ці Беларусь адзіная краіна, адкуль ідуць кантрабандныя цыгарэты ў Еўрасаюз?
Натуральна, не.
Цыгарэты ў ЕС ідуць, напрыклад, з Калінінградскай вобласці Расіі. Летам 2024 года быў выпадак, калі польская мытня затрымала фуру на выездзе з Літвы, нагружаную цыгарэтамі з расійскімі акцызнымі маркамі, якія былі запакаваныя наўпрост у карабы.
Паводле дакументаў, грузавік з Літвы павінен быў перавозіць яйкі. За рулём быў 35‑гадовы грамадзянін Беларусі.
Ёсць кантрабанда і з Украіны. Так, напрыклад, 21 кастрычніка польскія мытнікі на мяжы з Украінай у пункце пропуску «Медыка» затрымалі адразу два мікрааўтобусы з цыгарэтамі. У адным было 40 блока, у другім — 45 блокаў. За рулём былі грамадзяне Украіны, абодва абышліся штрафамі каля 2000—2400 еўра.
Малдова — яшчэ адна краіна, адкуль у Еўрасаюз трапляюць танныя цыгарэты. У верасні гэтага года ў Малдове знайшлі склад з амаль 400 карабамі цыгарэт, якія чакалі адпраўкі ў Румынію праз раку. А літаральна днямі мытнікі затрымалі два мікрааўтобусы, якія везлі на дваіх 189 карабоў з цыгарэтамі з малдаўскімі акцызамі ў Бухарэст. Па дакументах яны перавозілі расліны.
У верасні 2025 года малатанажны грузавік Iveco з прычэпам і грамадзянінам Літвы за рулём трапіў у ДТЗ на трасе ў Польшчы. Грузавік быў цалкам загружаны цыгарэтамі з беларускімі акцызнымі маркамі.
Канчатковы пункт, куды мусілі трапіць беларускія цыгарэты, невядомы. Магчыма, нават у далёкую Ірландыю, бо кантрабандныя цыгарэты дабіраюцца і туды. Так, напрыклад, у верасні гэтага года ў Польшчы былі затрыманыя 6 чалавек (грамадзяне Польшчы і Арменіі), якія займаліся кантрабандай цыгарэт з Украіны і Беларусі ў Польшчу і Ірландыю, што паказвае маштабы гэтага бізнэсу.
Яго першасныя выгадаатрымальнікі ў Беларусі — асобы, звязаныя непасрэдна з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі, бо менавіта яны кантралююць тытунёвую вытворчасць у краіне.
Читайте еще
Избранное