Міхалевіч: Трэба фільтраваць, у якую краіну вы едзеце. Турцыя небяспечная для беларусаў

Кіраўнік адвакацкага бюро «Legal status» Алесь Міхалевіч распавёў, якія краіны сёння бяспечныя для беларусаў і што можа значыць знікненне актывістаў дэмакратычных сіл.

Алесь Міхалевіч

Пра знікненне Мельнікавай і Котава

Адвакат у эфіры Еўрарадыё згадаў пра гучныя выпадкі знікнення беларускіх актывістаў — у прыватнасці, былой спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай — а таксама пра актыўныя захады сілавікоў з «прапановамі супрацоўніцтва» беларусам у замежжы, і падкрэсліў:

— Беларускія спецслужбы граюць супраць вялікай колькасці людзей. У іх ёсць сотні штатных супрацоўнікаў, гэта вялікая структура, якая, на жаль, фінансуецца беларусамі — у тым ліку намі, бо ўсё адно мы нейкія падаткі ў Беларусі плацім, у краіне ў многіх засталіся сваякі, якім мы спрабуем дапамагаць.

І памятайце пра тое, што ўсе выхады на вас, усе прапановы, запэўніванні, што яны хочуць вам дабра — гэта ўсё падман.

Для мяне як для чалавека пэўнага пакалення вельмі паказальны фільм «Матрыца», дзе быў агент Сміт, які мог увайсці ў цела любога чалавека.

Так і сёння, калі з тэрыторыі Беларусі нехта з вамі пачынае гутаркі пра тое, што жадае вам дабра — памятайце, што гэта можа быць такі агент Сміт, звычайнае ГБ, якое нічога добрага вам не зробіць.

І ў выпадку з Мельнікавай тое, што з гэтага тырчаць вушы беларускіх спецслужбаў, і тое, што яны наогул нарабілі сотні злачынстваў (не проста хлусні, а злачынстваў: падробкі дакументаў, ціску на людзей, шантажу) — відавочна.

Днямі з’явілася інфармацыя пра знікненне палітолага Анатоля Котава — ён паляцеў у Турцыю, дзе перастаў выходзіць на сувязь.

— Нагадаю справу Юрася Зянковіча, які быў затрымана фактычна беларускімі спецслужбамі на тэрыторыі Расеі, — гаворыць адвакат. — Гэта значыць, мы павінны быць гатовыя да таго, што яны дзейнічаюць вельмі часта нелегальна па-за межамі краіны.

Менавіта таму я кажу, што трэба моцна фільтраваць, у якую краіну вы едзеце. Турцыя не была і, на вялікі жаль, не будзе бяспечнай для беларусаў.

Турэцкія спецслужбы супрацоўнічаюць з расейскімі. Не ўпэўнены, што ёсць глыбокая супраца з беларускімі спецслужбамі, але ж краіна, безумоўна, не з’яўляецца бяспечнай.

Гадаць, што магло адбыцца з Анатолем Котавым, можна бясконца — у мяне, на жаль, вельмі мала інфармацыі пра гэтую справу, каб скласці сваё меркаванне. Але ж хачу яшчэ раз звярнуцца да беларускім актывістаў: адсочвайце, куды вы едзеце.

Вы бяспечныя, звычайна, на тэрыторыі ЕС, плюс на тэрыторыі дэмакратычных краін, дзе наладжаны адпаведныя працэдуры.

У Турцыі сотні, тысячы апазіцыянераў сядзець у турмах, цяжка сказаць, што гэта прававая краіна. Там свае стасункі з Расеяй па абмене розных людзей — і вы можаце проста апынуцца тым чалавекам, якога абмянялі.

Пра магчымасць круглага стала беларускіх уладаў і дэмсіл

— Думаю, сёння беларускія ўлады адчуваюць сябе настолькі ўпэўнена, што круглы стол, агульнанацыянальны дыялог — ім гэта ўсё не вельмі патрэбна, — зазначыў Міхалевіч. — Што не значыць, што заўтра такі круглы стол немагчымы.

Умоўна, у 1986 годзе кіраўнікоў «брацкіх» камуністычных партый сацыялістычных краін запрасілі ў Маскву, дзе ім было сказана: з гэтага моманту вы па-сапраўднаму незалежныя. Што ў перакладзе на нармальную мову азначала: грошай няма, але вы трымайцеся, і на савецкія танкі можаце больш не разлічваць.

І тады кіраўнікі розных камуністычных партый пайшлі на дыялог у сваіх краінах: у Хонэкера з ГДР былі свае перамовы з ФРГ, Войцэх Ярузельскі пачаў выбудоўваць нейкія масты з «Салідарнасцю» і наладжваць стасункі з апазіцыяй, і г.д.

Тым больш, калі не стане Лукашэнкі асабіста — такі круглы стол стане фактычна непазбежным.

Ці будзе ён публічным, ці будуць нефармальныя перамовы — у гісторыі бывалі розныя фарматы, і тут нічога новага мы не вынайдзем.

Але казаць пра яго цяпер, калі з таго боку адназначна ёсць скіраванасць на прымяненне грубай фізічнай сілы, на выкраданне людзей, на пагрозы і ціск на сваякоў — сёння гэта, думаю, не зусім дарэчы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)