«Мы намалявалі двух цмокаў, што цалуюцца. І трапілі ў эмоцыі беларусаў»
Пра найпапулярнейшы пацалунак, чаму памідор — не бурачок, і што дапамагло спыніць гады без нармалёвага сну і сэнсу жыцця, «Салідарнасці» — распавёў адзін са стваральнікаў брэнда «нясумнага беларускага адзення» Міхаіл.
— Міхаіл, вашы малюнкі і надпісы на цішотках ды худзі вельмі прыгожыя і ўтульныя. «Нясумнае адзенне» падпісалі вы яго ў інстаграме @ptulhu.pl. Нездарма і слоган такі: «З нашымі рэчамі ты паўсюль дома». Усміхаешся ад адной толькі морквы, якая кажа памідору: «Ты што — бурачок?» Як прыдумляеце?
— Мы жывем сваё звычайнае жыццё з гумарам, як атрымліваецца, зразумела, у сённяшняй сітуацыі. Што-небудзь вуха ды чапляе: «О! Клёвая думка, трэба запісаць!» І гэта вынік таго, што ідзем па жыцці з жартамі.
Шмат хто кажа, што наша адзенне хочацца апрануць і насіць на сабе, у якой бы краіне ты зараз не апынуўся. Таму лічу, што наша мэта дасягнутая. Адпраўляем адзенне па ўсім свеце, але 90% гэта Польшча.
«Зразумелі, што нам не хапае беларушчыны ў жыцці, не хапае таго ўтульнага, што ў нас было»
— Як узнік ваш брэнд і чаму такая назва? Не кожны, здаецца, адразу запомніць @ptulhu.pl
— Нас трое, стваральнікаў брэнда: я, Алег і Эмілія. Мы пераехалі ў Польшчу амаль чатыры гады таму і зразумелі, што нам не хапае беларушчыны ў жыцці, не хапае таго ўтульнага, што ў нас было.
Новая краіна, мова, людзі, культура. Зразумела, што збіраліся мы сваімі кампаніямі знаёмых эмігрантаў. Узгадвалі, колькі было падобных брэндаў у Беларусі: і hmarachos.by, і symbal.by, і lstr.by. І было б клёва зрабіць падобнае тут.
Канцэпт у першую чаргу складаўся з беларускай мовы. Сябры даўно перайшлі на беларускую, а я не. Мне гэта было ў навінку, хацелася гэту тэму прасоўваць, «парЫцца» у ёй.
Хацелася перадаць унутраныя пачуцці ад таго, што пачынаеш кожны дзень выкарыстоўваць родную мову, якую ты нібы і вучыў, нібы яна была ў асяроддзі, але размаўляць і весці на ёй цэлае жыццё ты не ўмееш.
Перайшоў на беларускую я толькі ў эміграцыі. Дагэтуль было адчуванне, што мова асацыюецца з урокамі, беларускай класічнай літаратурай, гісторыяй. І яна не падавалася мне цікавай. А калі я на яе перайшоў, зразумеў, што нават не ведаю вельмі шмат рэчаў, як называюцца па беларуску.
Захацелася паказаць, што беларуская мова можа існаваць не толькі ў школе, што насамрэч яна сучасная. Яна таксама развіваецца з дастатковай колькасцю носьбітаў. Таму нараджаецца і крэатыў, і жарты, хочацца паказаць што беларуская мова існуе тут і зараз. І вы можаце таксама да яе далучыцца.
«А яшчэ гэта цішотка — нагадвалка для тых, хто толькі пачынае гаварыць на беларускай мове»
— Што тычыцца назвы ptulhu — гэта такі самы ж жарт, як і большасць нашых рэчаў. Назва прыдумалася выпадкова. Ёсць даволі вядомы персанаж фэнтэзі Говарда Лавкрафта, якога звалі Ктулху, такі васьміног. Мы з сябрам гэта ўзгадалі і адначасова ён сказаў слова ктулху, а я — птушка. Адно на адно наклалася, і атрымаўся брэнд ptulhu.pl.
Таму і лагатып у нас певень з шчупальцамі. Нам падалося гэта смешным, і людзі звятраюць увагу.
— Спадабалася цішотка з абдымкамі лісы і воўка і надпісам: «Сябе — табе. Цябе — сабе».
— Так, цішотка вельмі пяшчотная. Нават пары замаўлялі гэтыя цішоткі адзін аднаму ў падарунак. Прыемна глядзець на такія рамантычныя фатаздымкі.
А яшчэ гэта цішотка — нагадвалка для тых, хто толькі пачынае гаварыць на беларускай мове ці не вельмі добра яе пакуль ведае. Бо нярэдка з правапісаннем гэтых чатырох словаў узнікаюць праблемы.
— Яшчэ ў вас ёсць цішотка з бел-чырвона-белымі палосамі, якія складаюцца з маленькіх чарапоў і гарбузоў. Вы падпісалі яе: «Сцяг дзядоў».
— Гэта хвіліна натхнення нашага дызайнера, якая адбылася напярэдадні Дзядоў і Дня Ўсіх Святых. Мы разумелі, што акрамя традыцыйнага беларускага свята ўшанавання продкаў, шмат моладзі таксама адзначае Хэлоўін, ходзіць на вечарыны, апранае строі, любіць такую атмасферу. Да таго ж Дзяды – гэта яшчэ і ўсім вядомае шэсце, калі беларусы пад бела-чырвона-белым сцягам ідуць да Курапатаў. Мы спалучылі гэта ўсё і атрымаўся на дзіва вельмі папулярны дызайн.
«З усяго, што было ў мяне ў Беларусі, засталася толькі праца»
— Я праграміст, Алег — дызайнер-фрылансер, а яго жонка Эмілія — вэб-дызайнер. Гэтым мы зарабляем на жыццё, што і дазваляе весці наш брэнд адзення.
— Што зараз самае цяжкае для вас? Ад кватэры да думак у галаве...
— Так, думкі, напэўна, дагэтуль не ўлягліся. Я кажу толькі пра сябе, бо ў маіх сяброў нарадзілася цудоўная дачка.
А я адчуваю сябе, быццам пачаў жыццё з нуля. З усяго, што было ў мяне ў Беларусі, засталася толькі праца. Рэшта змянілася, цалкам змяніўся лад жыцця. Дасуг, быт, мова. Бывае, што і ўбачыцца няма з кім.
І пакуль ты не аброс новым асяроддзем, сябрамі — бывае, проста не ведаеш куды ісці, адчуваеш, быццам павіс у паветры.
— У такім стане да некаторых прыходзіць думка, што застаўся б у Беларусі — ну і жыў бы сваё жыццё ціхенька. Ну так, баяўся б штодня, але ж...
— Я з’ехаў таму, што не мог выносіць, як сяджу ў сваёй кватэры і слухаю кожны крок у пад’ездзе. Як ня мог пагадзіцца і з тым, што адбываецца ў краіне. Я не змог бы гэтага праглынуць.
Я вельмі моцна пераступіў праз сябе, каб выказацца, каб не прамаўчаць. І не збіраўся ў гэтым спыняцца.
І ні разу за гэтыя гады, якія б цяжкія часы ні былі, не разу не падумаў, што не варта было з'яжджаць.
— Лекар і прафсаюзнік Станіслаў Салавей шчыра распавёў нам пра свой не вельмі добры стан у эміграцыі, пра што мужчыны, звычайна не кажуць. Бо хтосьці лічыць гэта «не па-мужчынску».
— Пераезд (і ўсе яго наступствы, інтэграцыя ў польскае грамадства) стаў самым цяжкім досведам у маім жыцці. Паўгады я сядзеў на антыдэпрэсантах, таму што не мог спаць. Спаў па некалькі гадзін на дзень некалькі год запар. І настолькі да гэтага прызвычаіўся, што не бачыў праблемы.
Але варта было нейкім чынам выспацца і ўзгадаць як гэта было раней. Я зразумеў праблему і пайшоў да псіхіятра. Некалькі гадоў хаджу на псіхатэрапію, і лічу, што гэта абавязкова рабіць усім.
Так, эміграцыя — гэта вельмі цяжка, перыядычна нічога не хочацца. Але мо гэта ў першую чаргу пытанне стымула жыць далей?
Мне хочацца пазбавіцца праблем, каб атрымліваць задавальненне ад жыцця наколькі гэта магчыма.
Гэта ўсё цяжка, складана, балюча, але калі іншых варыянтаў не застаецца, калі ты толькі плаваеш ва ўласных цёмных думках... І гэта не проста дрэнны настрой, а хвароба, клінічны стан, з якога без дапамогі не выберашся, як бы ні намагаўся.
— Чаму прымалі антыдэпрэсанты толькі паўгады?
— Яны падзейнічалі ўжо праз месяц, і я пачаў спаць. Мо таму, што быў паралельна у тэрапіі і ў хатняй тэрапіі. Мне выпісалі кніжку, каб я прачытаў і сам таксама імкнуўся змяняць свой лад жыцця.
Потым аказалася, што большасць дрэнных думак і пачуццяў, што былі ў мяне ў той момант, былі звязаны з тым, што я некалькі гадоў нармальна не спаў. Пачаў высыпацца — зноў з’явіліся хобі і жаданне камунікаваць з людзьмі.
«Не хачу несці змрок людзям, лепей – крышачку ўсмешак»
— Напэўна шмат хто пытаўся ў вас, чаму ваш «дранік у пакуце»?
— Так, усе разумеюць што такое дранік і што такое пакута, а вось дранік у пакуце — не.
А мы неяк трапілі на машынны пераклад рэцэпту дранікаў, і там было напісана, што ў бульбянае цеста трэба дадаць пару лыжак пакуты. Нават калі мы былі на варушніку, я камусьці зрабіў 10% зніжку за тое, што ён здагадаўся. Насамрэч машынны пераклад слова «мука» гучаў як «пакута».
У майго сябра Алега нараджаецца шмат клёвых, але змрочных думак і ідэй для дызайну. Але я настойваю на тым, каб нічога змрочнага не друкаваць. Пра гвалт і падзеі, якія і так увесь час на нашым слыху. Мы ў гэтым жывем, чытаем навіны, якія рэдка бываюць добрымі.
Таму лепей прынесці людзям у жыццё крышачку ўсмешак. Разумею, што яно і баліць, і попыт, магчыма, быў бы. Але не хачу несці змрок.
— А на якую з вашых цішотак найбольшы попыт?

— «Усім цмокі». Гэта найлепшая з таго што мы рабілі.
Назва нарадзілася яшчэ з тых часоў, калі мы сядзелі у сэрвісах chat.by, дзе людзі проста камунікавалі, калі яшчэ не было тэлеграма. І калі ўвечары разыходзіліся спаць, казалі «всем чмоки в этом чате». Гэты выраз быў настолькі папулярны, што захаваўся ў галаве і перарос у асобны мем.
А яшчэ мы любім фэнтэзі. І ў Кракаве жывем, у нас Цмок — гарадскі сымбаль. Таму «чмокі» ператварыліся ў «цмокі». Зноў жа наклалася адно на адно.
Мы намалявалі двух цмокаў, што цалуюцца. І трапілі ў эмоцыі беларусаў. Бо нашы «цмокі» дакладна пераможцы, якія далёка сышлі па замовах ад другога месца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное