Беларускія палітыкі (акцэнт на «беларускія») павінны ўсьведамляць, што нацыянальныя інтарэсы Беларусі на нейкіх этапах і ў нейкіх пытаньнях могуць не супадаць з інтарэсамі Вашынгтону, Брусэлю, і нават, у пэрспэктыве, Кіеву — пры тым што сёньня перамога Ўкраіны — адна з умоваў існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Навумчык: «Калі б не было рашэньня пра вывад ядзернай зброі з Беларусі, Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта ў 1994 не было б»
Палітычны аглядальнік і былы дэпутат Вярхоўнага савета — пра успрыманьне вываду ядзернай зброі зь Беларусі.
— Умовай руханьня наперад ёсьць адмова ад стэрэатыпаў. Адным з такіх стэрэатыпаў ёсьць успрыманьне вываду ядзернай зброі зь Беларусі як адназначна станоўчага факту, — піша Сяргей Навумчык. — Аргумэнт звычайна такі: а ўявіце, што было б, калі б гэтыя ядзерныя боегалоўкі (стратэгічныя, не тактычныя!) былі б у руках Лукашэнкі?
Мой адказ: калі б не было рашэньня пра вывад ядзернай зброі — Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта, на маё глыбокае перакананьне, у 1994 не было б.

Адразу пасьля гэтага рашэньня Вярхоўным Саветам у 1992 годзе інтарэс Захаду да нашай краіны зьменшыўся разоў у дзесяць (што ў немалой ступені і спрыяла Лубянцы ў прасоўваньні сваёй крэатура на пасаду прэзыдэнта ў 1994).
Менавіта гэта было прычынай, што адразу пасьля візыту Клінтана ў Менск у студзені 1994 (які быў узнагародай Шушкевічу за адмову ад ядзернай зброі), пабачыўшы абыякавасьць Белага дому да Беларусі («Зробленая паслуга — ужо не паслуга») тагачасны амбасадар ЗША ў Менску Дэвід Сўорц падаў у адстаўку.
Тут варта патлумачыць, што ў пачатку 90-х рашэньне аб намеры зрабіць Беларусь бяз’ядзернай тэрыторыяй не магло быць не прынята — занадта сьвежай і балючай была чарнобыльская рана. Любы, хто выступіў бы супраць гэтага, быў бы па-просту разарваны. Але намер — гэта не азначае імгненнага дзеяньня вось менавіта сёньня, гэта працэс, які можа быць расьцягнуты на гады.
І калі фармулёўку пра імкненьне да бяз’ядзернасьці ў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце (ліпень 1990) я магу паставіць сабе ў заслугу (мой удзел у гэтым быў цалкам натуральным, бо за два гады да гэтага, у 1988, мы ў Віцебску сарвалі планы будаўніцтва Віцебскай АЭС) — дык ізноў паўтару, што не здымаю зь сябе, як з дэпутата ВС, адказнасьці за галасаваньне па далучэньні да Лісабонскага пратаколу і за наступныя, вынікаючыя з гэтага далучэньня, рашэньні.
Мая доля віны — 1/250 (ці колькі там тады прагаласавала), але яна — ёсьць. Прызнаю.
Адзіны палітык, хто не нясе адказнасьці, бо зьвяртаў увагу на імпэрскія памкненьні Крамля, настойліва раіў не сьпяшацца, усё прадумаць, не аддаваць ядзерную зброю фактычна ні за што, тым больш у Расею (!!!) — Зянон Пазьняк.
Але ягоныя заклікі былі зьмікшыраваныя апантаным імкненьнем Шушкевіча, з аднаго боку, не раздражняць Ельцына, а з другога — не злаваць Вашынгтон.
Аднак калі ў выпадку з Беларусьсю можна яшчэ, тэарэтычна, дапусьціць варыятыўнасьць палітычнай пэрспэктывы (пры тым, што матэрыяльныя страты сумневу не падлягаюць — мы павінны былі атрымаць кампэнсацыю мінімум у 2-3 гадавыя бюджэты, што істотна зьмяніла б сацыяльна-эканамічную сытуацыю ўжо ў 1993-м), дык з Украінай усё бясспрэчна.
Бо не падлягае сумневу, што пры захаваньні Ўкраінай трэцяга ў сьвеце ядзернага патэнцыялу, не было б ніякай анэксіі Крыму, ня кажучы ўжо пра пуцінскую агрэсію ў 2022-м.
Трэба прызнаць, што ў пачатку 90-х Захад (найперш ЗША) падманулі ўкраінцаў і беларусаў. Спачатку — Шушкевіча, потым — Лукашэнку (які падпісаў у сьнежні 1994-га ганебны Будапэшцкі мэмарандум. Ён ня бачыў, пад чым ставіць подпіс?).
Прызнаваць, што цябе падманулі — непрыемна. Але гэта ўжо крок да таго, каб цябе не падманулі ізноў.
Прэзыдэнты ЗША (усе), лідэры партый (абодвух), да 1991 году былі супраць незалежнасьці Беларусі, а і пасьля 91-га — па факце, аддалі Беларусь у сфэру ўплыву Расеі. Пры гэтым сутнасьць імпэрскай палітыкі Крамля пасьля 1991 яны не разумелі ніколі.
Як ня бачылі і таго, што ў сваёй імпэрскасьці Ельцын, Гайдар (альбо Навальны) нічым не адрозьніваюцца ад Брэжнева, Грамыкі ці Жырыноўскага. Проста ў Жырыноўскага ці Навальнага не было ўлады — а ў Брэжнева, Ельцына і Гайдара яна была (у дужках зазначу, што менавіта ікона расейскіх дэмакратаў Гайдар эканамічна і фінансава душыў Беларусь у 1992 годзе. У Жырыноўскага былі імпэрскія лёзунгі, у Гайдара — рэальныя імпэрскія дзеяньні).
Дык якая ж выснова з усяго гэтага?
Я б гэтак сказаў: усё, што спрыяе захаваньню Незалежнасьці Беларусі (як бы гэта каму ні не падабалася) — добра. Можа быць, не ідэальна — але таму, хто хоча выключна ідэальнага, раіў бы пашукаць для жыцьця нейкую іншую планету.
Нас занадта шмат падманвалі і занадта доўга зьнішчалі, каб абіраць нейкі іншы крытэр.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное