Навумчык: «Вынікі адсутнасьці таго, што было зроблена ў Польшчы, Чэхіі, Літве і не адбылося ў Беларусі, мы і адчуваем сёньня»

Палітычны аглядальнік — пра тое, якой павінна быць сапраўдая люстрацыя.

Калі ў пачатку 90-х дэпутаты БНФ казалі пра люстрацыю, ідэя падтрымкі не атрымала — ні ў грамадзтве, ні ў парлямэнце, — піша Сяргей Навумчык. — Грамадзтва, як некаторыя пераконвалі, было не гатовае, парлямэнт у большасьці складаўся з тых, хто сам патрапіў бы пад люстрацыю ў першую чаргу.

Ды што люстрацыя, калі тыя, хто расстрэльваў у шматлікіх курапатах не панесьлі ніякай адказнасьці і цалкам сабе камфортна дажывалі на афіцэрскіх пэнсіях, пра якія і марыць не маглі вязьні ГУЛАГу.

Вынікі адсутнасьці таго, што было зроблена ў Польшчы, Чэхіі, Літве і не адбылося ў Беларусі, мы і адчуваем сёньня.

Устрымаюся ад ацэнак самой канцэпцыя люстрацыі, прапанаванай Офісам Ціханоўскай (ня ведаю, хто канкрэтна распрацоўваў). Выкажуся толькі адносна прадмету, які, на маё перакананьне, ня можа быць прадметам дыскусіі — менавіта з прычыны сваёй відавочнасьці.

Маю на ўвазе пэрыядызацыю дзейнасьці, якая падлягае люстрацыйнай праверцы. Адлік прапануецца пачаць з 29 сьнежня (апошняга працоўнага дня) 1995 году, а фактычна — з 1996-га. Аўтары спасылаюцца на «Распараджэньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 сьнежня 1995 года № 259 «Аб выкананьні норм указаў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Гэта распараджэньне Кабінэту Міністраў і іншым дзяржаўным органам прадпісвала забясьпечыць безумоўнае выкананьне пералічаных у распараджэньні Прэзыдэнта ўказаў, якія разглядаліся Канстытуцыйным Судом і былі прызнаны цалкам або часткова такімі, што не адпавядаюць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь».

Цяжка зразумець лёгіку аўтараў — у 1995 годзе Канстытуцыйны Суд прызнаў 11 (адзінаццаць) указаў і распараджэньняў Лукашэнкі неканстытуцыйнымі, пастанавіў іх скасаваць, але большасьць зь іх выконвалася і да адмысловага распараджэньня Лукашэнкі.

І выконвалася таму, што ўжо ў 1995 годзе Беларусь была ператворана ў неправавую аўтарытарную краіну. Аўтарытарызм ужо дзейнічаў напоўніцу, закранаючы практычна ўсе сэктары жыцьця.

Нагадаю толькі тры падзеі 1994-1995 гг. Сьнежань 1994-га — дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Антончык выступае на сэсіі з дакладам аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі.

Нягледзячы на рашэньне ВС, Белтэраражыёкампанія адмаўляецца весьці трансьляцыю. Газэты «Звязда», «Советская Белоруссия» і некаторыя іншыя ўпершыню ў гісторыі выходзяць з белымі плямамі. Гэта наўпроставае парушэньне Канстытуцыі, якая забараняла цензуру.

12 красавіка 1995-га. У Дом ураду на загад Лукашэнкі ўводзяцца каля 600 чалавек у форме, частка зь іх — з агнястрэльнай зброяй. Спецпадразьдзяленьне КДБ «Альфа» і спэцназ МУС зьбіваюць 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія праводзяць палітычную галадоўку супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму.

Нараніцу ў інтэрвію Радыё Свабода народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў заяўляе, што краінай кіруе «прэзыдэнцкая хунта».

Жнівень 1995-га. Супрацоўнікі гомельскага тралейбуснага дэпо і менскага мэтрапалітэну абвяшчаюць страйк. У кабіны электрычак мэтро замест кваліфікаваных прафэсіяналаў улады садзяць звычайных чыгуначнікаў, што стварае рэальную пагрозу крушэньняў і чалавечых ахвяраў.

АМАП кладзе «тварам у асфальт» кіраўнікоў страйкаму. Лідэр рабочага руху, дэпутат ВС Сяргей Антончык схоплены супрацоўнікамі КДБ і некалькі сутак утрымліваецца пад вартай.

Лукашэнка падпісвае ўказ аб пазбаўленьні дэпутатаў імунітэту (гарантаванага Канстытуцыяй). Першы намесьнік генэральнага пракурора Кандрацьеў заяўляе дэпутатам ВС, што будзе выконваць каманды Лукашэнкі, а не Канстытуцыю.

Больш як 20 актывістаў рабочага руху арыштаваныя, некалькі дзясяткаў удзельнікаў страйку звольненыя. Лукашэнка сваім распараджэньнем спыняе дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу, на што ня мае права паводле Канстытуцыі.

Такім чынам, тое, што мы называем антыканстытуцыйным, антыдэмакратычным, антыбеларускім рэжымам — было сфармавана ўжо ў 1994-1995 гг. Калі зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнта і лідэраў рабочага руху, разгоны мітынгаў і ціск на свабоду слова — гэта дэмакратыя, тады што ж такое дыктатура?

Рэжым зрабіў усё, каб сьцерці ня толькі з афіцыйнай гістарыяграфіі, але і з народнай памяці пэрыяд апошняга нацыянальнага Адраджэньня, які пачаўся публікацыямі Пазьняка пра Курапаты ў 1988-м і фактычна завяршыўся прыходам Лукашэнкі ў 1994-м.

Гэтак выкрасьлілі ў савецкі час памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку. Цяпер узьнікае пагроза, што рукамі тых, хто дэкляруе дэмакратычныя ідэалы, будуць дэвальваваныя намаганьні тысяч людзей, якія супрацьстаялі ўмацаваньню дыктатуры ад самога яе пачатку.

Калі гэта складнік люстрацыі — тады давайце безь яе. Лепш нічога, чым прафанацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(124)