Недакладнасць Бабарыкі, альбо што насамрэч казаў Быкаў пра беларускую мову

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык адрэагаваў на заяву Віктара Бабарыкі.

– Вясной 2020 году мне давялося ў «Нашай Ніве» абвергнуць сьцьвярджэньні шаноўнага Віктара Бабарыкі, што БНФ («нацыяналісты», як ён выказаўся) нібыта імкнуліся «заліць крывёю праспэкты рускамоўнымі, заўтра навучыць усіх гаварыць па-беларуску», – піша Навумчык. – Але пасьля ягонага незаконнага арышту я спыніў крытыку.

Прыйшлося мне выказвацца і наконт словаў шаноўнай Марыі Калесьнікавай, кштаклту «Аўтазак — гэта проста машына!», але галоўным чынам — яе заяваў як прадстаўніка Каардынацыйнай Рады ў жніўні 2020 пра намер захаваць падпісаныя Лукашэнкам з Масквой пагадненьні і «саюзы» (якія насамрэч прывязалі Беларусь да РФ у палітычным, эканамічным, ваенным і культурніцкім сэнсе і, па сутнасьці, зьяўляюцца нелегітымнымі, бо падпісаныя пасьля канстытуцыйнага перавароту 1995-96 гг.).

Аднак пасьля незаконнага арышту Калесьнікавай я таксама спыніў крытычныя выказваньні ў яе бок.

Сяргей Навумчык

За гэтыя 5 гадоў, пакуль Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава былі за кратамі, я пазьбягаў крытычных выказваньняў у іх адрас. Як і тысячы іншых беларусаў, лічыў абавязковым падтрымаць палітычных апанэнтаў, якія апынуліся ў зьняволеньне (а фактычна ў палоне) лістамі (ня ведаю, ці даходзілі яны да адрасатаў).

Шчыра кажучы, зусім не хачу даваць ацэнкі і іх сёньняшнім палітычным заявам.

Мая пазыцыя была выяўленая ў часе галадоўкі дэпутатаў БНФ у Авальнай залі 11-12 красавіка 1995 супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму па зьнішчэньню статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, замене дзяржаўнай сымболікі на імпэрскі эрзац, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Зьбіцьцём дэпутатаў у часе разгляду парлямэнтам пытаньня пра рэфэрэндум Лукашэнка апрыёры дэлегітымізаваў гэты самы рэфэрэндум. Падкрэсьліваю гэта адмыслова, бо часам забываюцца, што вынікі плебісцыту (у тым ліку і наконт дзяржаўнасьці расейскай мовы) — юрыдычна нікчэмныя.

Ад 12 красавіка 1995 мая пазыцыя ў гэтых пытаньнях ня зрушылася ні на мілімэтар. Выглядае, што не зьмянілася яна і ў Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай, ад 2020 году. Вельмі спадзяюся, што калі — небудзь яна зьменіцца.

Цяпер, уласна, пра нагоду для гэтага допісу.

У інтэрвію ўкраінскаму блогеру Золкіну шаноўны Віктар Бабарыка сказаў, што Васіль Быкаў нібыта аддаваў прыярытэт эканоміцы над пытаньнем беларускай мовы.

Акрамя асабістага знаёмства з Быкавым, сумеснай працы ў складзе Сойму БНФ у Менску ў 90-я, перапіскі, сустрэчаў у гады вымушанага жыцьця Васіля Ўладзімеравіча за мяжой, мне давялося быць і ўкладальнікам двух зборнікаў быкаўскай публіцыстыкі («Быкаў на Свабодзе», 2004 г., другое дапоўненае выданьне — 2005 г., «Васіль Быкаў 100», 2024 г.).

У гэтыя зборнікі ўвайшла толькі частка быкаўскіх выказваньняў на палітычныя і грамадзкія тэмы — але прачытаў я, мяркую, практычна ўсё, ва ўсякім разе з пачатку апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня з канца 80-х гадоў.

Я ня чуў ад Быкава і не чытаў у яго нічога і блізка падобнага на тое, пра што сказаў шаноўны Віктар Бабарыка.

А вось выказваньняў адваротнага зьместу — магу прывесьці дзясяткі. Але ўзгадаю толькі некалькі, якая даюць уяўленьне пра сапраўднае стаўленьне Быкава да беларускай мовы і яе ролі ў лёсе нацыі.

«Калі страцім момант, мова знікне»

Пачну з тэзы прыярытэтнасьці эканомікі над мовай, нібыта выказанай Быкавым.

У рэльнасьці, менавіта нацыянальнае Адраджэньне (і мову як яго падмурак) Быкаў лічыў галоўным гарантам існаваньня беларусаў. «Мова — аснова ня толькі нацыянальнай культуры, але і існаваньня нацыі, існаваньня этнасу» — казаў ён («Быкаў на Свабодзе», 2005, с. 48.).

Васіль Быкаў

Ён быў перакананы ў прыярытэтнасьці, першчарговасьці, неадкладнасьць вырашэньня моўнай праблемы, лічыў, што пытаньне ўратаваньня мовы нельга адсоўваць на другі плян, бо «калі страцім гэты момант, дык наша мова зьнікне праз некалькі гадоў ва ўмовах рэанімацыі таталітарызму і пагрозы рэінтэграцыі ў адзіную імпэрыю» (там жа, с. 61).

Менавіта таму Быкаў быў сярод тых, хто ў 1986-м падпісаў складзены Ўладзімерам Содалем зварот да генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова (легендарны «ліст 28-мі») пра катастрафічную сытуацыю з беларускай мовай (мяне моцна ўразіла, калі ў размове з Гарбачовым я пачуў згадку пра той ліст — праз шмат гадоў Гарбачоў прыгадаў яго сам, я не пытаўся).

Зьяўляючыся адным з заснавальнікаў БНФ, Быкаў лічыў, што барацьба за нацыянальнае адраджэньне павінна быць прыярытэтам гэтага руху — нароўні са змаганьнем за Незалежнасьць і дэмакратыю.

Ён падтрымліваў праграмнае палажэньне Народнага Фронту аб наданьня статусу беларускай мове як адзінай дзяржаўнай у адпаведным законе.

Кажучы пра Закон аб мовах, звычайна нагадваюць, што ён прыняты ВС XI скліканьня, у якім не было ніводнага дэпутата БНФ. Сапраўды, Вярхоўны Савет гэтай кадэнцыі быў абраны ў 1985 годзе, калі да ўтварэньня БНФ заставалася некалькі гадоў.

Але ў студзені 1990-га, калі прымаўся Закон, у Авальнай залі быў дэпутат, які ўваходзіў ня толькі ў БНФ, але і яго кіруючы орган — Сойм. Імя гэтага дэпутата — Васіль Быкаў.

Дадам, што ў складзе рабочай групы па падрыхтоўцы Закону быў Пётра Садоўскі (ён будзе абраны дэпутатам наступнага, XII скліканьня), які карыстаўся кансультацыямі ў тым ліку і сябра Сойму БНФ Вінцука Вячоркі).

Так што фронтаўцы мелі непасрэднае дачыненьне да Закону, прынятага сфармаваным яшчэ ў камуністычныя часы Вярхоўным Саветам.

Хочацца думаць, што за тое галасаваньне (як і за галасаваньне 27 ліпеня 1990 за Дэклярацыю аб сувэрэнітэце і 25 жніўня 1991 за Незалежнасьць) камуністам даруюцца на небе хай ня ўсе, дык хоць некаторыя зямныя грахі.

Але адзін «грэх» быў у самім законе. Гэта — пэрыяд уступленьня ў сілу дзейнасьці асобных ягоных палажэньняў, які дасягаў — да зьдзіўленьня аматараў міфу пра «хуткую і гвалтоўную беларусізацыю» — аж 10 гадоў.

Дзесяці гадоў!

У заканадаўстве ніводнай іншай былой рэспублікі СССР вы ня знойдзеце нічога падобнага (тэрміны звычайна жорсткія і сьціслыя) — пры тым што нідзе стан мовы тытульнай нацыі ня быў нагэтулькі катастрафічны, як у Беларусі.

Быкаў за закон прагаласаваў, але празьмерна доўгі тэрмін крытыкаваў: «Усе гэтыя законы прынятыя былі афіцыйна Вярхоўным Саветам і расьцягвалі, расьцягвалі на дзесяцігодзьдзе ўстанаўленьне дзяржаўнасьці беларускай мовы. Канешне, тады ўжо было відаць: ва ўмовах нестабільнасьці грамадзтва — што можна разьлічваць на дзесяць год?» («Васіль Быкаў 100», 2024, с. 28).

Падманлівае «А потым...»

Будучы ў авангардзе барацьбы за захаваньне беларускай мовы, Быкаў успрыняў палітыку Лукашэнкі як нацыянальную трагедыю: «Ворагі нацыянальнай ідэі разумелі сытуацыю і зрабілі контрадзеяньні. Адным з рашучых дзеяньняў стаў рэфэрэндум, на якім пад выглядам раўнапраўя моваў была атрыманая фармальная згода народу на палітыку фактычнага зьнішчэньня беларускай мовы. І цяпер гэтая палітыка выканаўчай уладай праводзіцца вельмі актыўна. Я ня бачу якіх-небудзь надзеяў на лепшае ў бліжэйшы час». ((«Васіль Быкаў 100», 2024, с. 30).

Часам прыгадваюць радкі Быкава з «Доўгай дарозе дадому» пра тое, што лідэр БНФ Пазьняк імкнуўся да ідэальнай Беларусі, а Лукашэнка казаў народу рэчы зразумелыя і прымітыўныя, як «мычаньне каровы», і падаюць гэта як нібыта нязгоду Быкава з лідэрам БНФ. Абсурд! Быкаў цудоўна ведаў, што Народны Фронт распрацаваў некалькі эканамічных праграм і дзясяткі законапраектаў, палажэньні якіх леглі ў падмурак эканамічных рэформаў (хай і скамечаных посткамуністычнай намэнклатурай).

У гэтым лёгка пераканаецца, прагладзіўшы на ютубе запіс ягонага выступу па БТ ў якасьці даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка ў чэрвені 1994 года.

Быкаў меў на ўвазе зусім іншае — а менавіта тое, як падмануліся людзі, паверыўшы папулісцкім, безадказным лёзунгам Лукашэнкі. У гэтым — ні граму крытыкі БНФ і ні кроплі згоды з Лукашэнкам.

І вось тут, падаецца, мы выходзім на тэму, якая была актуальнай у 1994-м, у 2020-м, засталася актуальнай сёньня (пра што сьведчаць цяперашнія словы Віктара Бабарыкі) і ня згубіць актуальнасьці на будучых дэмакратычных выбарах.

Гэта — тое, што чуецца ўжо больш як тры дзясяткі гадоў: а давайце мы адсунем на потым непапулярныя ў значнай часткі насельніцтва пытаньні нацыянальнага Адраджэньня, мовы, і скажам людзям тое, што яны хочуць пачуць, яны за нас прагаласуюць, мы прыйдзем да ўлады — ну а потым...

Як толькі што вымаўленыя, чую сказаныя мне вясной 94-га словы Віктара Ганчара, калі ён прапаноўваў мне далучыцца да каманды Лукашэнкі: Сяргей, ты бачыш, як складаецца сытуацыя, цяпер важна ўзяць уладу! А потым....

Жыцьцё пацьвердзіла, што — ня будзе, не бывае ніякага «потым». Нічога добрага не бывае праз падман.

«Наш рух – не на пяць гадоў, наша справа – сьявятая»

Перада мной — машынапіс з аўтарскімі праўкамі прамовы Быкава на IV зьезьдзе БНФ, які Васіль Уладзімеравіч аддаў мне пасьля выступу. Гэта было 10 красавіка 1995-га, назаўтра 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ абвясьцілі галадоўку супраць лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Фрагмэнтам таго выступу і закончу — там якраз пра папулізм і пра «...а потым».

«Папулізм, як адзіна магчымы з адносна прымальных сродкаў, таксама заежджаны, запэцканы, і ў нашых умовах, па-сутнасьці, адыёзны, як і іншыя сродкі з багатага арсэналу нашых праціўнікаў. Наўрад ці гожа БНФ карыстацца імі. Усё ж існуе нешта вышэйшае за палітычную ці іншую мэтазгоднасьць, вышэй за яўны і прагматычны палітычны разьлік. Ці гожа забываць, нават у цяжкія часіны, на пэўныя імпэратывы зь ліку хрысьціянскай этыкі, эвангельскай маралі, чалавечага сумленьня, нарэшце?

У гэтым сэнсе маральны рыгарызм Беларускага Народнага Фронту і ягонага лідэра — той каштоўны капітал, якім валодае зараз мала якая партыя, і ня толькі на Беларусі. Гэта маральная сіла з несумненным палітычным эфэктам хіба можа скіраваная ня так у сучаснасьць, як у будучыню.

Асабліва, калі мець на ўвазе, што наш рух — не на пяць гадоў, што мы лучым у далёкую гістарычную пэрспэктыву, нават калі яна будзе належыць ня нам. Але ўсё роўна яна будзе належыць Беларусі.

Мы ня цешым сябе хуткай і лёгкай перамогай — лёгкай перамогі, відаць, ня будзе. Але нават яўная параза не павінна адкінуць нас ад нашай справы, бо тая справа — сьвятая. Яна дзеля народа, дзеля нашай занядбанай нацыі, дзеля чалавецтва і чалавечнасьці. Дзеля дэмакратыі і гісторыі, нарэшце».

Гэтак і ёсьць, Васіль Уладзімеравіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)