Общество

«Незалежнасць не падае з неба проста так і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць»

Святлана Ціханоўская і Анатоль Лябедзька — да дня прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі

Святкаванне 27 ліпеня ў Мінску, калі гэты дзень быў дзяржаўным святам. Архіўнае фота

— 27 ліпеня 1990 года — дзень, калі беларусы заявілі: у нас ёсць права на сваю дзяржаву, — гаворыцца ў святочнай заяве лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай. — 35 гадоў прайшло з моманту прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце — дакумента, які адлюстраваў намер нашага народа і яго волю жыць па ўласных правілах.

Сёння, калі краінай кіруе прарасійскі рэжым, а незалежнасць губляецца з кожным подпісам пад чарговай дамовай з Крамлём, гэтая гістарычная падзея выглядае не проста датай, а напамінам. Напамінам, што незалежнасць не падае з неба проста так і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць.

Беларусь, падпарадкаваная знешняй волі — не тое, за што галасаваў Вярхоўны Савет у 1990-м, падкрэсліла Ціханоўская. І не тое, што трэба краіне сёння. Законы ў краіне павінны стварацца ў інтарэсах грамадзянаў, а не інтарэсах аднаго чалавека ці чужой дзяржавы. А будучыню павінна вызначаць воля народа, а не пагадненні за зачыненымі дзвярыма ці кулуарныя дамовы.

Менавіта за такую, вольную Беларусь трэба змагацца далей. Суверэнітэт і яго захаванне — гэта не пара сказаў у архіўных дакументах, а нашая задача. І выкананне гэтай задачы залежыць ад кожнага і кожнай».

27 ліпеня 1990 года 229 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання мару пераўтварылі ў рэальнасць: беларусам вярнулі краіну, — адзначыў у каментары Позірку дэпутат парламента таго склікання Анатоль Лябедзька.

Паводле яго слоў, кожны па-свойму разумеў маштаб падзеі, але было адчуванне незвычайнасці сітуацыі, яе гістарычнага значэння. «І таму было такое адзінства: 229 дэпутатаў націснулі на кнопкі, толькі трое ўстрымаліся, — падкрэсліў палітык. —Такое адчуванне было і ў часткі грамадства».

Лябедзька ўзгадаў пра сустрэчу з выбаршчыкамі сваёй акругі ў Ашмянах пасля галасавання ў Вярхоўным Савеце:

— Поўная зала і адчуванне свята. Так, людзі думалі, што праблемы, якіх у кожнага было шмат, можна вырашыць хутчэй і больш эфектыўна, калі арганізуеш свой дом. Ашмянцы марылі, каб іх сыны, якія служылі ў Савецкай Арміі ў Нагорным Карабаху і недзе там яшчэ, вярнуліся дадому. Гэтыя працавітыя людзі разумелі, што могуць хутка адбудаваць Беларусь. Такое адчуванне было не толькі ў дэпутатаў, але, падкрэсліваю, і ў выбаршчыкаў, што было вельмі важна.

35 гадоў таму мы зрабілі незваротнае: Беларусь вярнулася на сусветную карту, і яна на ёй застанецца. Гэта не зафарбаваць, не затынкаваць, не заліць бетонам. Беларусь застанецца незалежнай, суверэннай краінай. Да таго ж сусветны трэнд цяпер на ідэнтычнасць, на памяць, на тое, каб заставацца самім сабой. І з гэтага сусветнага трэнду мы не можам выскачыць.

На думку Лябедзькі, 27 ліпеня разам з 25 жніўня застаюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на тое, каб у будучай новай Беларусі быць датай галоўнага нацыянальнага свята — Дня Незалежнасці. — Так, ёсць Дзень Волі, ёсць іншыя важныя даты, але менавіта гэтыя два дні прэтэндуюць у найбольшай ступені. Я ў гэта веру.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(8)