Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай
Пра смерць жанчыны Нашай Ніве паведамілі яе знаёмыя. Афіцыйная прычына — не вытрымала сэрца.

Дакладная дата смерці невядомая, аднак Тамара была апошні раз анлайн «Укантакце» 23 красавіка 2025 года.
Жыхарку Лунінца адправілі ў калонію на два гады за «паклёп на Лукашэнку». Яе «злачынства» — лайк на публікацыі ў «Аднакласніках», дзе Лукашэнка называўся дыктатарам.
Тамара Каравай — чалавек няпростага лёсу. Была прыбіральшчыцай у лунінецкай будаўнічай краме «Справа тэхнікі», пасля стала індывідуальнай прадпрымальніцай і прадавала на рынку абутак. Апошні час перад арыштам падпрацоўвала сядзелкай.
Замужам Тамара не была, але жыла з грамадзянскім мужам і гадавала сваё дзіця. На момант затрымання жанчыны сын быў непаўналетнім, аднак цяпер яму ўжо 19 гадоў.
Калі лунінецкая суддзя Кацярына Клеўжыц пакарала Тамару Каравай за палітыку, то дадаткова прысудзіла ёй лячэнне ад алкагалізму. Па інфармацыі «Белпола», раней жанчыну неаднаразова прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за алкаголь.
Тамара Каравай была ў ліку памілаваных 20 жніўня 2024 года. Яна вызвалілася на тры месяцы раней за прызначаны ёй тэрмін.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное