Отрасли

Стася Якімовіч

«Праблема №1 — кадры. Адмоўная селекцыя ў дзеянні: прафесіяналаў разагналі і новых не вырасцілі»

Але… Нават у падполлі, пад ціскам і пад цэнзурай культура яднае беларусаў.

«Салідарнасць» працягвае распавядаць, як падзеі апошніх некалькіх год адбіліся на працы беларусаў у розных сферах. Сёння ў фокусе ўвагі — культурніцкая галіна.

За апошнія некалькі год тут прайшлі вялікія «чысткі» па палітычных матывах. Былі змененыя кіраўнікі практычна ва ўсіх вядучых культурніцкіх установах і арганізацыях, ад нацыянальнай бібліятэкі і кінастудыі да Опернага тэатру і Нацыянальнага мастацкага музея.

Паводле звестак Беларускага ПЭНу, сама меней 168 дзеячаў культуры з палітычных прычын знаходзяцца ў месцах зняволення. І падстаў казаць аб тым, што трэнд на рэпрэсіі зменіцца, пакуль няма.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прызначанага летась міністра культуры Руслана Чарнецкага «спыніць хістанні» ў гэтай сферы. Як заявіў правіцель, у кіраўніцтве культурай, спортам і медыя мусяць застацца толькі «дзяржаўныя людзі».

Але як жывецца сёння тым, хто застаўся — і ў краіне, і ў культурніцкай сферы? Пра гэта мы распыталі ў іх саміх. Імёны ўсіх суразмоўцаў змененыя дзеля бяспекі.

«Адпрацаваўшы дзень, не зарабіла нават на квіток у кіно»

Таццяна зусім нядаўна звольнілася з пазіцыі білецёра ў адным з прыватных кінатэатраў Мінска. Яна распавядае, што ўладкоўвалася не на поўную стаўку. Ёй агучылі традыцыйнае «з усіх кандыдатаў мы выбралі вас», але каб выйсці на працу, беларусцы давялося спачатку заплаціць самой — 100 рублёў за медагляд і атрыманне санітарнай кніжкі. А працавала ў выніку за «тры лустачкі хлеба».

— Быў ненармаваны графік. Аб тым, як мы працуем, я і іншыя работнікі на той жа пазіцыі даведваліся з сёння на заўтра, — гаворыць суразмоўніца «Салідарнасці». — Пры тым па дакументах я была білецёрам, трэба было правяраць квіткі на ўваходзе ў залу; але, па сутнасці, выконвала ўсё, што скажуць — схадзі ў бар, аднясі-прынясі, разгрузі скрынкі і г.д.

Плацілі мне за гэта 2 рублі (!) ў гадзіну. То бок, калі я адпрацавала 8 гадзін, то дзённы заробак складаў 16 рублёў (каля $5 — С.). Пры гэтым квіток у кінатэатр каштуе 20 рублёў. Такім чынам, адпрацаваўшы дзень, я не зарабіла нават на квіток у кіно!

А яшчэ ж мы былі матэрыяльна-адказнымі. І калі раптам выяўлялася недастача, то з заробку адмінусоўвалі ва ўсіх.

У месяц я зарабляла 300-500 рублёў (каля $100-170 — C.). Аднойчы выйшла 600, таму што атрымала працэнт ад продажу папкорну на ўваходзе ў кіназалу.

Cтаўленне кіраўніцтва да падначаленых Таццяна апісвае проста: «ты ніхто і зваць цябе ніяк».

— Для супрацоўнікаў няма нават халадзільніка, дзе людзі маглі б захоўваць перакус, «ссабойку». Таму многія абедалі «ролтанам» і падобнымі рэчамі. На мой погляд, гэта быў поўны трэш — і ў плане ўмоў, і ў плане стаўлення да людзей.

У выніку доўга я там не прапрацавала, бо зарабляла капейкі, але пры гэтым увесь дзень была на стрэсе. 

«Турыстаў стала больш, шмат расіян, але часам і заходнія госці прыязджаюць»

Наступны наш суразмоўца — Вадзім — шмат гадоў працаваў у музейнай сферы. Яго, як і многіх іншых беларусаў, звольнілі з палітычных прычын, пазней беларус вымушаны быў пакінуць краіну.

— У кожным канкрэтным ведамстве шмат што залежыць ад начальства, — мяркуе Вадзім. — Пасля майго звальнення больш не звальнялі нікога ў сістэме (мы падпарадкоўваліся ўпраўленню культуры мясцовага выканкама). Хоць ведаю дакладна, што адзін хлопец з ліку калег, кіраўнік мастацкай установы, выступіў на імпрэзе з «забароненым» выканаўцам, — але таго хлопца не кранулі. Дапускаю, што начальства на раённым ці абласным узроўні закрыла яго грудзьмі: маўляў, бачыце, аднаго мы паказальна звольнілі, пакаралі, а ўсе іншыя выправяцца.

На месца нашага суразмоўцы прыйшоў чалавек, які нібыта падтрымліваў перамены ў 2020-м — але потым звольніў «за пратэсты» аднаго з супрацоўнікаў. Таму датычна культуры, мяркуе ён, сістэма можа працаваць індывідуальна.

— Ці ёсць да супрацоўнікаў музеяў забароненыя тэмы ці абавязковы «стэнд з генацыдам»?

— Што да стэнду — так, яшчэ калі ў 2023 годзе я ездзіў па Беларусі, у кожным музеі абавязкова была зладжаная выстава, прысвечаная «генацыду беларускага народу». Найчасцей гэта было абы-што, і гэтая «выстава» проста забівала ўсё ўражанне ад музея. Уявіце, стэнд з «генацыдам» у Камянецкай вежы!

Ну і цяпер, я ўпэўнены, як толькі з’яўляецца якая-небудзь новая «культурная ініцыятыва», кшталту кніжкі пра Лукашэнку — установы культуры абавязваюць набыць, а мо і выстаўляць.

Пытаемся, ці ёсць станоўчыя моманты. Мо, вырасла колькасць турыстаў?

— Што да турыстаў, іх сапраўды стала больш, — зазначае Вадзім. — Шмат расіян, але часам і заходнія госці прыязджаюць. На мой акаўнт прыходзяць водгукі, якія наведнікі пакідаюць у Google, — ім падабаецца ў Беларусі, падабаюцца нашы музеі, і ў сэнсе турыстычнай прывабнасці нашай краіны ўсё так жа актыўна, як было чатыры гады таму.

Даведка «Салідарнасці»

Фінансаванне сферы культуры ў Беларусі фактычна заўжды адбываецца па рэшткавым прынцыпе. Дастаткова згадаць, што паводле планаў ураду, толькі ў 2025 годзе зарплата работнікаў у гэтай галіне мусіць быць даведзеная да 80% ад сярэдняй па краіне. На ўтрыманне і развіццё культуры з рэспубліканскага бюджэту выдаткоўваецца менш як 0,5% ад ВУП.

Паводле Закону аб бюджэце на 2025 год, сёлета выдаткі на культуру запланаваныя ў межах 290 мільёнаў рублёў — для параўнання, гэта ў 7 разоў меней, чым на міліцыю, у 1,3 разы меней чым на спорт, і на 100 мільёнаў болей, чым на ахову навакольнага асяроддзя.

«Кадравая дэградацыя і адмоўная селекцыя ў дзеянні»

Прыкметы дэградацыі, як распавёў нам адмысловец з музейнай сферы, ужо бачныя, — і гэта ілюструюць наступныя дзве гісторыі.

У нацыянальным гістарычным музеі «зачысцілі» нелаяльных супрацоўнікаў настолькі, што ўстанова плануе пераязджаць у новы будынак (нагадаем, будаўніцтва плануюць завяршыць у 2026 годзе, праект курыруе сам Лукашэнка — С.), — а працаваць, нават складаць тэматыка-экспазіцыйны план няма каму.

А ў Магілёве замянілі гадзіннік на ратушы, які быў сабраны мясцовым майстрам — замест механічнага паставілі найсучасную электронную прыладу. Гарадскія ўлады нанялі цэлую каманду для збору, гадзіннік мусіў сам дыстанцыйна рэгулявацца і «адкаліброўвацца», але… не працуе.

— Праблема нумар адзін — канешне, кадры, — дзеліцца высновамі наш суразмоўца. — Кадравая дэградацыя і адмоўная селекцыя ў дзеянні: прафесіяналаў разагналі, новых не вырасцілі і няма адкуль іх браць.

Але ж перспектывы адмысловец бачыць не толькі змрочныя:

— На маю думку, нават калі нічога не зменіцца і мы не вернемся, сама па сабе беларуская культура — гэта не нямая структура, не мёртвая, а жывы арганізм. І вось гэты асяродак, сама беларуская культура будзе выхоўваць новых людзей, новых спецыялістаў.

Працяг артыкула чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)