Общество

«У бусе білі гадзіны дзве-тры, гумовую дубінку засоўвалі ў рану»

Сталі вядомыя падрабязнасці дзвюх гучных спраў, па якіх судзілі сем’ямі.

Вольга і Дзмітрый Капузы

Былы палітвязень, які перасякаўся ў зняволенні з Дзмітрыем Капузам і Дзмітрыем Малочкам (атрымалі 24 і 12 гадоў калоніі адпаведна), паведаміў праваабаронцам Брэсцкай Вясны новыя падрабязнасці спраў, па якіх гэтыя мужчыны (а таксама іх жонкі) атрымалі страшныя тэрміны.

Сітуацыя з сужонкамі Вольгай і Дзмітрыем Капузамі з Драгічыншчыны да гэта часу была цьмянай. Як раней паведамлялі праваабаронцы «Вясны», Дзмітрый Капуза асуджаны на 24 гады зняволення, а яго жонка Вольга на 21 год. Судовае пасяджэнне было закрытым, таму сутнасць абвінавачванняў не была вядомай. Але пасля іх затрымання ў 2024 годзе на дзяржаўным тэлебачанні выходзіла перадача, дзе іх абвінавачвалі ў кантрабандзе з Украіны і шпіянажы.

Затрыманне Дзмітрыя Капузы

Адзін з вызваленых палітвязняў, які доўгі час сядзеў разам з Капузам і быў з ім у добрых стасунках у СІЗА-7, расказаў праваабаронцам, што яму вядома пра сутнасць гэтай справы.

Паводле яго, спачатку абвінавачванне ішло па арт. 289 КК. Гэта абвінавачанне ў тэрарызме. Але па гэтым артыкуле трэба, каб было ўчыненне выбуху, падпалу або іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей. Цяжкае злачынства, якое прадугледжвае працяглыя тэрміны пазбаўлення волі, аж да выключнай меры.

Потым кадэбісты (хутчэй мінскія, бо Капуза быў спачатку завезены ў мінскае КДБ) перакваліфікавалі справу на арт. 356 КК «Здрада дзяржаве». Гэты артыкул прадугледжвае суровае пакаранне за «дапамогу іншым краінам (замежным/міжнародным арганізацыям) рабіць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ». Пад гэты артыкул любое дзеянне падагнаць можна.

Што падвялі пад «здраду»? Як тлумачыў сам Капуза суразмоўцу, ёсць такая вёска Сварынь у Драгічынскім раёне. Яна недалёка ад мяжы з Украінай. У Дзмітрыя кватэра ў Драгічыне, але хата была і ў Сварыні. І вось ён там займаўся кантрабандай: бурштын, цыгарэты, гарэлка. Мог адразу перавезці тавар, а мог схаваць і перавозіць часткамі для бяспекі.

Відаць, адно са сховішчаў стала вядома кадэбістам і ў яго падкінулі выбухоўку. Пра што Капуза даведаўся пасля арышту.

Затрымалі яго напачатку 2024 года пры пад’ездзе да дому. Выскачылі з бусіка людзі, падбеглі да яго аўтамабіля, адкрылі дзверцы і без адзінага слова двойчы выстралілі ў нагу. Затым выцягнулі з машыны і завезлі ў бальніцу.

Хірург кінуўся дапамагаць, але яго спынілі, адвялі ўбок, пагаварылі, і той перамяніўся. Дзмітрый атрымаў мінімальную дапамогу. Паводле суразмоўцы, добра, што кулі прайшлі навылет, што не адбылося заражэння, што дапамаглі тыя мазі якія былі ў камеры, што не пачалася гангрэна, што нага ацалела.

Разам з Капузамі затрымалі яшчэ 10 чалавек з вёскі. 7 пазней адпусцілі. Як склаўся лёс трэцяга неадпушчанага з дзясяткі, Уладзіміра Капузы — цёзкі Дзмітрыя па прозвішчы — невядома. Але ён, як і Дзмітрый, на той час віны не прызнаў.

Білі ў КДБ усіх «па-чорнаму» — месяц мачыліся крывёю, сінякі з цела не сыходзілі.

А калі павезлі Капузу на месца так званага злачынства на эксперымент, ён пры адвакатцы сказаў, што ў сховішчы павінен быць толькі бурштын, ніякай выбухоўкі ён туды не клаў. Тады адзін з кадэбістаў сказаў, што «відаць, Дзмітрыю стала дрэнна і яму трэба аказаць дапамогу».

Калі Дзмітрый папрасіў адвакатку пайсці з ім, бо яго будуць біць, тая адмовілася, сказаўшы: не можа такога быць.

Пазней, дарэчы, яе так запужалі, што папрасіла Капузу напісаць ад яе адмову, што яна яго не хоча абараняць.

Такім чынам ён застаўся адзін на адзін з тымі, каму трэба была для аўтарытэту і значнасці гучная справа. У бусе білі гадзіны дзве-тры, гумовую дубінку засоўвалі ў рану. Было адчуванне, што адчынілася пекла і ён ужо там.

Калі ў СІЗА Дзмітрый і суразмоўца на нейкі час разышліся па розных камерах, а потым сустрэліся зноў, то суразмоўца яго не пазнаў. Дзмітрый выглядаў вельмі кепска і моцна пастарэў. Дзмітрый успамінаў, што яго папярэджвалі, каб ён завязваў з кантрабандай з Украіны, але мужчына падумаў: заплачу штраф, калі што. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што яму прыпішуць шпіянаж.

Дзмітрый сказаў, што такіх «шпіёнаў» у памежных з Украінай вёсках амаль кожны. І што людзі праз такі гандаль выжываюць ад беднасці.

Суразмоўца таксама ўспомніў і сужэнцаў з Баранавічаў Дзмітрыя і Аксану Малочка.

Іх асудзілі таксама за «здраду дзяржаве» на 12 і 8 гадоў, а па факце — за здымак цягніка з вайсковай тэхнікай на платформе без ніякага шпіёнскага намеру.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(5)