Общество

Уладзімір Мацкевіч: «Кайданы апранулі на рукі і ногі. І на ланцужку суправаджальны вёў па бальнічных калідорах паліклінікі, а людзі глядзелі»

Былы палітвязень, філосаф Уладзімір Мацкевіч у інтэрв’ю Вясне расказаў пра сваё зняволенне: як адчуў сябе свабодным у адзіночнай камеры, галадоўку ў СІЗА і катаванні.

Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч — філосаф і метадолаг, грамадска-палітычны дзеяч, стваральнік Лятучага ўніверсітэту. Яго затрымалі ў жніўні 2021 году і асудзілі да пяці гадоў зняволення. На волю ён выйшаў крыху раней: у верасні 2025-га, прабыўшы за кратамі чатыры гады.

За гэты час філосаф быў і ў адзіночнай камеры, і ў ШІЗА, і ў калоніі і ў турме. Ён абвяшчаў галадоўку, дамагаўся аперацыі, у яго скралі ўсе сшыткі, у якіх змяшчалася ўся ягоная праца за чатыры гады — і ў выніку Уладзімір Уладзіміравіч быў прымусова вывезены ў Літву.

Уладзімір Мацкевіч у 2025 годзе. Скрыншот: malina_by/youtube

«Мяне папярэдзілі пра затрыманне ў траўні»

Уладзіміра Мацкевіча затрымалі ранкам 4 жніўня 2021 году. Пра магчымы арышт філосафа папярэдзілі яшчэ ў траўні, аднак з’язджаць з Беларусі ён не хацеў. Па некалькіх месцах, якія былі звязаныя з мужчынам, правялі вобшукі.

— Яны забралі тэхніку, носьбіты інфармацыі, — узгадвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Калупаліся ў кніжках, аднак з іх асабліва нічога не бралі. У розных шуфлядках у мяне назбіралася каля 1500-2000 еўра, якія таксама забралі: пасля ў пратаколах яны «пераўтварыліся» ў 600 еўра. Калі я падпісваў пастанову аб затрыманні, то ўбачыў, што яна была падпісаная 20-мі чысламі траўня — як мяне і папярэджвалі.

Пасля вобшуку Мацкевіча прывезлі ў КДБ, дзе дапытвалі больш сямі гадзін. Увесь гэты час мужчына быў галодны: яго пачаставалі толькі кавай. Толькі апоўначы яго адвезлі на Акрэсціна.

— Вядома, у КДБ прапаноўвалі супрацоўніцтва, — кажа былы палітвязень. — Я пытаўся: «А чым не супрацоўніцтва — я адказваю на вашыя пытанні. Што ведаю — кажу». Яны сказалі, гэтага мала — маўляў, патрэбна назваць імёны і адрасы.

Але ж на гэты варыянт супрацоўніцтва я не пайшоў. І наступныя 10 дзён правёў на Акрэсціна ў набітай камеры без бялізны і матрацаў. Маімі суседзямі былі палітычныя, большасць з якіх былі вельмі моцна збітыя.

«Як гэта ні парадаксальна, я адчуў пэўную свабоду»

Амаль месяц у СІЗА на Валадарскага Уладзімір Уладзіміравіч правёў у адзіночнай камеры. 

— Шчыра кажучы, мяне гэта задавальняла, — усміхаецца ён. — Мне адразу прывезлі перадачу са сшыткамі і асадкамі, і я пачаў працаваць, не адкладаючы на доўгі час. Як гэта ні парадаксальна, я адчуў пэўную свабоду.

Увесь той год я жыў з адчуваннем, якое на мяне ціснула: я мусіў штосьці рабіць, я часткова адказны за ўсё. Але розум падказваў: усё, што ні робіцца пасля двух кароткіх тыдняў у жніўні 2020, не толькі не паляпшае сітуацыю, але магчыма, і пагаршае яе. Але я павінен быў штосьці рабіць! І нават штосьці рабіў, разумеючы, што гэта безвынікова і марна — праз гэта станавілася яшчэ горш.

А тут раптам мяне затрымліваюць — і я свабодны! Ад мяне ўжо нічога не залежыць, і я адразу пачаў працаваць. Я падумаў, што калі не вымушаны штосьці рабіць, я ўжо магу падумаць над памылкамі. А пасля я перайшоў да сваёй філасофіі: стаў пісаць тое, да чаго не даходзілі рукі на волі, пакуль я быў заняты мітуснёй і справамі.

Але гэты час хутка скончыўся — і амаль праз месяц Уладзіміра Уладзіміравіча перавялі ў агульную камеру. На чатыры чалавекі двое былі палітычнымі, а яшчэ адзін — падсадным, які дагэтуль сядзеў з іншымі палітвязнямі. Справа Мацкевіча не рухалася, таму ў лютым 2022 году ён абвясціў галадоўку.

— Я стаў патрабаваць, каб маю справу нарэшце закрылі і прызначылі суд, — распавёў спадар Уладзімір. — Я паабяцаў, што калі патрабаванні не будуць выкананыя, то праз 10 дзён я перайду на сухую галадоўку. Таксама папрасіў, каб мне далі магчымасць заверыць тастамент і паклікалі пастара.

На 11-ты дзень я сапраўды перайшоў на сухую галадоўку, а яшчэ праз два дні мне стала дрэнна. Пад рукі мяне павялі ў санчастку і паставілі кропельніцу. Пакуль я ляжаў, прыйшлі следчыя і адвакат і паведамілі, што справу закрылі і перадалі ў суд — у той дзень, калі я перайшоў на сухую галадоўку. Мне ж пра гэта не паведамілі.

Я быў задаволены, спыніў галадоўку і пачаў есці. На яе час мяне перавялі ў камеру з відэаназіраннем — і Азаронак у сваёй перадачы паказаў па тэлебачанні, як я ем. Але ж потым высветлілася, што яны закрылі справу толькі па 342-м артыкуле, але дадалі яшчэ два. Атрымліваецца, згода з маім патрабаваннем была фармальнай, але другі раз абвяшчаць галадоўку ў мяне не было імпэту.

Уладзімір Мацкевіч да затрымання

Падставамі для новых абвінавачанняў сталі каментар Уладзіміра Уладзіміравіча для ўкраінскага блогера, а таксама ўдзел у зум-канферэнцыі.

— На канферэнцыі гучалі мае розныя заявы, — узгадвае Мацкевіч. — Яны палічылі, што мала таго, што выказванні экстрэмісцкія, дык я яшчэ і кірую гэтым сходам, хаця гэта было не так. Але мой голас гучаў гучна, яны паказалі мне запіс сустрэчы — не ведаю, як ён у іх апынуўся — і абвінавацілі паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса.

Падставай для абвінавачвання мяне ў абразе Лукашэнкі стала відэаінтэрв’ю ўкраінскаму блогеру. У адказ на пытанне, як да Лукашэнкі ставяцца ў Расеі, я адказаў: «Лукашэнка сукін сын, але гэта наш сукін сын», паўтарыўшы фразу Рузвельта ў бок нікарагуанскага дыктатара Самосы Гарсія. Потым тры экспертызы не знайшлі там абразы — але для суда гэта было нічым.

Справу філосафа разглядалі ў закрытым рэжыме ў пустой, але досыць вялікай зале. Для абвяшчэння ж прысуду, які быў адкрытым, знайшлі маленькую аўдыторыю, куды змаглі трапіць каля дзесяці чалавек — дзясяткі стаялі ў калідоры.

— Але, вядома, я адчуваў, што мяне падтрымліваюць людзі, — кажа былы палітвязень. — Мне прыходзілі паштоўкі і лісты, грашовыя перадачы ад малазнаёмых людзей. Забягаючы наперад, узгадаю, што ў магілёўскую турму да мяне прыходзілі следчыя, якія вялі справы тых людзей, якія пераводзілі грошы. Яны пыталіся, ці ведаю я іх. Я ж пытаўся, навошта яны так, калі людзі проста з гуманізму робяць мінімальна добрую справу. Адзін следчы мне адказаў, што ў іх ёсць грошы, таму што яны — махляры, якія рабуюць карткі пенсіянерак. Так іх навучылі гаварыць. 

«Лагер быў самым пакутным перыядам майго зняволення»

Праз 14 месяцаў зняволення Уладзіміра Мацкевіча перавялі спачатку ў следчую турму ў Магілёве, а потым — у ПК № 17 у Шклове. Ён распавядае, што вельмі імкнуўся трапіць туды як мага хутчэй і хаця б пабачыць неба:

— Так я трапіў у калонію, не ведаючы, што мяне там насамрэч чакае, — узгадвае філосаф. — Лагер быў самым пакутным перыядам майго зняволення.

Першае парушэнне там я атрымаў праз 10 хвілін пасля прыезду: за тое, што не павітаўся з начальнікам. Тады на ператрусе мяне распранулі дагала, я стаяў спіной да дзвярэй, калі хтосьці зайшоў, — і не звярнуў увагі.

Далей на каранціне я атрымаў яшчэ некалькі парушэнняў, у тым ліку правакацыйных — і атрымаў першыя дні ў ШІЗА. У атрад я прыйшоў ужо адтуль.

Уладзімір Уладзіміравіч трапіў у атрад, які на турэмным жаргоне называецца «казліным». Гэта атрад, дзе ўтрымліваюць людзей, што супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Яны працуюць заўгасамі, у царкве, бібліятэцы, перамоўным пункце, краме, на спортпляцоўцы, абслугоўваюць пякарню і лазню.

— Таму яны ўсе выконвалі загад не камунікаваць са мной, — распавядае Мацкевіч. — Я мог камунікаваць толькі з заўгасам атраду і забойцам, які дасіжваў апошні з 20 год, якія ён атрымаў. Мы разам мелі біркі і выходзілі на праверкі.

Астатнія абыходзілі мяне бокам, а адміністрацыя шукала кожную зачэпку, каб пакараць мяне. У мяне было пад 30 парушэнняў: не павітаўся, забыўся напісаць, што ў мяне нешта ляжыць у кешары.

Часам мяне правакавалі на парушэнне. Адзін чалавек папрасіў у мяне кавы ці гарбаты — а даваць іншым нічога нельга — і калі я пагадзіўся, адмыслова стаў так, каб гэта было бачна на камерах.

За кожнае парушэнне ў калоніі вязням даюць пэўныя пакаранні: гэта можа быць ШІЗА ці ПКТ, пазбаўленне перадачы ці спатканняў і іншае. Таму на Мацкевіча ў калоніі ціснулі пастаянна. Адзіным спакойным месяцам для яго апынуўся снежань 2022 года.

— Тады было шмат снегу, і я бавіўся тым, што выхадзіў яго чысціць, — усміхаецца філосаф. — Я не быў дзяжурным, проста мне гэта дастаўляла задавальненне. Але ж пасля Раства я зноў з кімсьці не павітаўся — і пасля Новага года мяне закінулі на двое сутак у ШІЗА.

Там далі яшчэ адно парушэнне — і закінулі на 90 сутак у ПКТ. Гэта тая ж камера, што і ў ШІЗА, але на ноч даюць матрац і бялізну, там можна карыстацца кіпяцільнікам і чытаць, дазваляюць сядзець удзень. Але такімі ільготамі я пакарыстаўся дзень: мяне зноў перавялі на рэжым у ШІЗА.

Так гэта і працягвалася тры месяцы: 10 дзён ШІЗА — дзень-два ў ПКТ — парушэнне — і зноў ШІЗА. А ў ШІЗА калі ты сеў за стол — можна зноў атрымаць парушэнне.

Але галоўнае там — гэта катаванне холадам. З ацяплення ў ШІЗА — тоўстая труба пад сталом, да якой вельмі цяжка прыхіліцца. Але калі нават і атрымаецца спіной, то ў спіну будзе горача — трываць немагчыма, але ў астатнім целе будзе холадна.

У такім стане я правёў паўтара месяцы. Згубіў не ведаю колькі кілаграмаў, бо там ты не можаш не рухацца — замерзнеш. Я адціскаўся, прысядаў.

Пасля гэтага парушэнні працягваліся, пакуль аднойчы Уладзіміра Уладзіміравіча не выклікалі да начальніка як злоснага парушальніка. Філосаф прапанаваў перавесці яго на турэмны рэжым.

— Начальнік турмы Кірыенка пытаецца: «А чаму ты вырашыў, што ў турму? Мы можам і паводле 411-й», — узгадвае палітвязень. — Я кажу: «Вы можаце ўсё, але рабіце ўжо штосьці». У мяне тады яшчэ выпала грыжа, я прасіў зрабіць мне аперацыю, але ніхто там не звяртаў увагі.

Медыцына там хутчэй карная, чым дапамагаючая. Ніякай аперацыі мне не планавалі, але праз час дазволілі бандаж, бо першая грыжа была цяжкая. Мне станавілася дрэнна, калі трэба было ўпраўляць яе — трэба было ляжаць. А ляжаць нельга! І бялізны ў ШІЗА няма, хаця па правілах унутранага распарадку яе можна мець. Я быў толькі ў майтках і робе. Гэта было катаванне, але дзякуй богу, яно трывала толькі паўтары месяцы.

Досыць хутка адбыўся суд па замене рэжыму на турэмны — і на наступны дзень пасля яго Мацкевіча вярнулі ў магілёўскую турму № 4.

— Для мяне турма была палёгкай, — распавядае філосаф. — Спачатку заўсёды сядзеў з вар’ятамі — аднаго потым зарэзалі ў суседняй камеры. Але потым — дзесьці летам 2023-га — палітычных паболела, і мы ўжо сутыкаліся з імі, бо камеры час ад часу перамешвалі. Я сустрэўся з Лёшам Храловічам — падпалкоўнікам КДБ, які зліў перамовы Эйсмант з Баскавым наконт смерці Бандарэнкі. Ён быў вельмі хворы, у яго ацякла нага, але ён добра трымаўся.

У турме Уладзімір Уладзіміравіч дамогся, каб яго паставілі ў чаргу на аперацыю. Яму зрабілі абследаванне ў гарадской бальніцы, пасля адвезлі ў Рэспубліканскую бальніцу для зняволеных у Калодзічы. Аднак у красавіку яму не змаглі зрабіць аперацыю, бо не хапіла патрэбнага абарудавання — давялося прыехаць яшчэ раз у жніўні.

— Я быў задаволены, — адзначае Мацкевіч. — Там прафесійныя лекары, добрае абсталяванне. Па бытавых умовах — тая ж турма, толькі больш эстэтэчная. Можна было ляжаць, харчаваўся крыху лепш.

Але вось ехаць з Магілёва ў Калядзічы ў «сталыпіне» не вельмі прыемна. Канваіры не разбіраюцца, ці едзеш ты ў бальніцу, ці на чарговы этап. Палітычных вязуць у кайданках.

Але самае цікавае было, калі мяне вазілі да лекара ў паліклініку ў Магілёў: кайданы апранулі як на рукі, так і на ногі. І на ланцужку суправаджальны вёў мяне па бальнічных калідорах — людзі глядзелі на мяне ў робе, кайданах, нібыта я нейкі маньяк ці забойца.

«Самае горшае, што са мной адбылося ў турме — гэта тое, што забралі мае сшыткі»

Уладзімір Уладзіміравіч адзначае, што пасля аперацыі ціск у турме стаў крыху слабейшым. Ён працаваў, чытаў кнігі з мясцовай бібліятэкі, хадзіў на прагулкі.

— Я спачатку здуру выпісаў шмат часопісаў і газет, — узгадвае філосаф. — Але яны такія пустыя, выключна прапагандысцкія. Адзіная карысць — іх можна было падкладаць пад матрас на шконку. Потым я выпісваў толькі «Советскую Белоруссию». Сукамернікі пыталіся, навошта, а я казаў: «Я шукаю некралог на першай старонцы». 

Калі на Валадарцы была добрая бібліятэка, то ў лагеры ў Шклове ўжо горш. Там было шмат толькі рэлігійнай літаратуры. У турэмнай бібліятэцы было немагчыма штосьці знайсці: кнігі стаялі ў два шэрагі без аніякай каталагізацыі.

Аднойчы ёй заняўся адзін за баландзёраў — людзей, што маюць невялікія тэрміны і ўладкаваліся ў абслугу ў турме электрыкамі, прыбіральшчыкамі ці яшчэ кім. Але ён бяздумна перапісваў кнігі з паліцы без аніякага парадку, блытаючы імёны аўтараў. Але галоўнае — у турме можна было пісаць.

— Але ж… Першы раз у мяне скралі пяць сшыткаў у студзені 2023 году, — распавядае Мацкевіч. — Пакуль мы былі на прагулцы, у камеру прыйшлі нейкія людзі і забралі іх. Пэўна, то былі гэбісты, бо потым, у каго б я ні пытаў, куды б ні спрабаваў пісаць, каб дамагчыся іх вяртання, паўсюль мне невербальна давалі зразумець, што гэта не яны і шанцаў вярнуць сшыткі ў мяне няма. А гэта — мая праца, самае каштоўнае, што ў мяне было.

Я зрабіў шмат з таго, што не змагу аднавіць. Гэтая страта была для мяне вельмі балючая, я нават пагражаў новай галадоўкай, але мне патлумачылі, што я нічога не дамагуся. Я спрабаваў уручыць заяву правяральшчыку з ДВП, але ён адказаў: «не паштальён, я не прыму».

Але згубіўшы гэтыя пяць сшыткаў, пра якія я шкадаваў, я не ведаў, што згублю ўсё. Калі нас выкідвалі праз амерыканку, у мяне забралі ўсё: не засталося ні сшыткаў, ні лістоў, ні фотаздымкаў. Таму мяне выкінулі не толькі без дакументаў, але і без чатырохгадовай працы. Самае горшае, што са мной адбылося ў турме — гэта тое, што забралі мае сшыткі. А фізічныя пакуты былі і былі.

Гэта страта неўяўляльная яшчэ і тым, што праца — адное з тых, на чым Уладзімір Уладзіміравіч трымаўся гэтыя чатыры гады. Ён меў дзве задачы: працаваць і захаваць здароўе, пад якія наўмысна не звяртаў увагі на іншыя чыннікі і непрыемнасці, якія з ім адбываюцца.

— Калі вы атрымліваеце досыць вялікі тэрмін, патрэбная мэта, каб яго пражыць, — разважае былы палітвязень. — То я прытрымліваўся сваіх задач, стараўся ва ўсім бачыць крыху смешны бок і жыў па прынцыпах. Адзін з іх я запазычыў у людзей, якія прайшлі ГУЛАГ: «Не вер, не бойся, не прасі».

Таксама я не ўступаў у асабістыя кантакты з супрацоўнікамі: у іх ёсць праца, няхай яны яе выконваюць, а я пагаджаюся выконваць парадак, калі ён не парушае маіх маральна-этычных прынцыпаў.

І я заўсёды памятаў, што ў іх абавязкі ўваходзіць абмяжоўваць нам свабоду. Як казаў мне начальнік шклоўскай калоніі, карную функцыю ніхто не адмяняў. Але яны абралі гэтую працу — і дзякуй ім, што час ад часу яны выконваюць яе дрэнна.

У верасні 2025 года Уладзіміру Мацкевічу нечакана сказалі збірацца з рэчамі на выхад. Пасля з іншымі палітвязнямі закінулі ў бусік, апранулі кавідныя маскі на вочы, каб яны не бачылі куды іх вязуць, і прывезлі ў СІЗА КДБ у Менск. У камеры на «амерыканцы» 13 палітвязняў разважалі, што іх чакае чарговы допыт.

— Але нас вывелі, аддалі рэшту рэчаў і завялі ў бусік, — узгадвае Мацкевіч. — Што рэчы не ўсе, мы зразумелі, толькі калі нас пад наглядам амерыканскіх дыпламатаў аддалі літоўцам. Я не хацеў з’язджаць, бо не люблю эміграцыю і ведаю, што нічога добрага ад палітычнай эміграцыі не бывае.

Я хацеў застацца ў Менску, але не пайшоў па шляху Статкевіча, бо вярнуцца ў турму для мяне было непрымальна.