Але беларусам замежжа трэба разумець: калі беларускія ўлады сапраўды вырашаць прызнаць дзіця тым, якое знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, могуць узнікнуць праблемы з яго выездам за мяжу.
«Ва ўладаў з’яўляецца законная падстава для таго, каб не дазволіць школьніку, які не вучыцца ў беларускай школе, выехаць з Беларусі»
Сёлета 1 верасня пачнуць дзейнічаць змены, унесеныя ў Кодэкс аб адукацыі. Адна з галоўных — цяпер усе беларускія дзеці павінны будуць наведваць выключна беларускія школы.
Тычыцца гэта і шмат каго з мігрантаў, нават калі яны ўжо не першы год жывуць за мяжой, піша Наша Ніва.
Гаворка ідзе аб законе №46-З ад 5 снежня 2024 года, які карэктуе адразу два ключавыя дакументы — Працоўны кодэкс і Кодэкс аб адукацыі.
Цікавасць выклікаюць змены ў пункце 1.1 артыкула 34 Кодэкса аб адукацыі. Раней там было напісана, што законныя прадстаўнікі непаўналетняга вучня абавязаны «забяспечыць умовы для атрымання адукацыі і развіцця».
З верасня фармулёўка будзе гучаць больш жорстка і канкрэтна: «забяспечваць умовы для атрымання адукацыі і развіцця навучэнцаў, у тым ліку для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі іх непаўналетнімі дзецьмі, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Гаворачы простай мовай, усе беларускія дзеці павінны будуць наведваць беларускія школы. Імаверна, такім чынам дзяржава імкнецца змагацца з дзвюма найбольш раздражняльнымі катэгорыямі бацькоў.
Першая з іх — гэта беларусы з дзецьмі, якія ўсё яшчэ жывуць у Беларусі, але спрабуюць быць у так званай унутранай эміграцыі. Нават да 2020 года існавалі прыклады, калі бацькі не жадалі, каб іх дзеці ў школах сутыкаліся з ідэалагічным выхаваннем. Таму яны афармлялі хатняе навучанне, а дзіця запісвалі ў нейкую замежную анлайн-школу.
Гэта пацвярджае Вольга Рыбаключава, дырэктарка Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.
У сваім артыкуле для «Настаўніцкай газеты» яна тлумачыць: «Гэта змяненне накіравана на выключэнне практыкі дыстанцыйнага навучання дзяцей у замежных арганізацыях. Акрамя таго, у пералік абавязковых для вывучэння навучальных прадметаў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ўваходзяць «Гісторыя Беларусі», «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», раздзел «Геаграфія Беларусі», якія немагчыма вывучыць у школе замежнай дзяржавы. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сумесна з асваеннем зместу вучэбных праграм праводзіцца выхаваўчая работа, у аснову якой закладзены ідэалагічны і патрыятычны складальнікі, традыцыі і культура беларускай дзяржавы».
Другая катэгорыя бацькоў, для якіх змены сталі непрыемным сюрпрызам — гэта мігранты.
І вось чаму гэтая карэкціроўка закранае шмат каго з беларусаў за мяжой. Не мае значэння, як доўга вы з дзіцём жывяце не ў Беларусі. Калі вы не маеце пашпартоў серыі PP (іх атрымліваюць тыя, хто афіцыйна афармляў пастаяннае пражывання за межамі радзімы), то лічыцца, што вы жывяце на тэрыторыі Беларусі.
Уявім сабе сям’ю з дзецьмі, якая з’ехала з Беларусі ва ўмоўную Польшчу пасля 2020 года і не інфармавала аб гэтым улады, не афармляла нікому пашпарты PP. Зараз, калі бацькі лічаць неабходным дзейнічаць згодна з беларускімі законамі, у іх ёсць два варыянты. Першы — усё ж аформіць афіцыйна пастаяннае пражыванне за мяжой. Гэта можна зрабіць праз беларускае пасольства (але не факт, што гэта атрымаецца зрабіць да пачатку навучальнага года). Другі — вярнуцца ў Беларусь і аддаць дзяцей у мясцовую школу.
Не дзіўна, што праз гэта ў мігранцкіх чатах сярод бацькоў пануе некаторая нервовасць.
Але ж што будзе, калі праігнараваць новаўвядзенне? Тэарэтычна гэта можна трактаваць як тое, што «бацькі перашкаджаюць атрыманню дзіцём абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі». А гэта, згодна з дадаткам да пастановы Савета Міністраў № 1055 ад 30 снежня 2024 года, адзін з крытэрыяў таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Калі беларускія ўлады сапраўды вырашаць прызнаць нейкую мігранцкую сям'ю той, якая знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, па адрасу рэгістрацыі дзіцяці могуць пачаць прыходзіць розныя праверкі.
«Нашай Ніве» вядомы выпадак, калі да бабулі і дзядулі дзіцяці, якое жыве з бацькамі ў Еўрасаюзе, у Мінску прыходзілі настаўнікі з бліжэйшай школы:
— Ад маіх бацькоў даволі настойліва патрабавалі сказаць, куды ж падзеўся іх унук. Пачуўшы, у якой краіне ён цяпер жыве, пачалі настойліва патрабаваць назваць установу адукацыі, якую ён там наведвае. Потым сказалі, быццам бабуля ці дзядуля павінны прыйсці на нейкую камісію і растлумачыць, чаму іх унук не ў Беларусі. Але мае бацькі адмовіліся — сказалі, што не падтрымліваюць са мной адносіны і нічога не ведаюць. Пры гэтым мой сын прапісаны нават не ў кватэры бабулі і дзядулі, — распавёў адзін з чытачоў.
Ці сапраўды будуць масава выкарыстоўвацца такія рэпрэсіўныя меры, як прызнанне мігранцкіх сем'яў тымі, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, пакуль сказаць складана.
Можна згадаць прыклад, калі беларускія ўлады патрабавалі ад беларусаў замежжа паведамляць у амбасады пра наяўнасць у іх дазволу на жыхарства ў іншых краінах або іншага грамадзянства. Тады пужалі, што не будуць выпускаць з Беларусі тых, хто праігнараваў гэта. Але ж па факце на мяжы беларускія памежнікі асабліва не цікавіліся паперкамі, якія пацвярджалі, што людзі сапраўды добраахвотна паведамілі пра свае ДНЖ ці грамадзянства іншай краіны. Цяпер жа пра гэта ўвогуле ніхто не згадвае.
Асабліва гэта патэнцыйна небяспечна для палітычных мігрантаў, якія самі не могуць прыехаць у Беларусь. Бо нават сярод іх хапае людзей, якія ўсё ж адпраўляюць на радзіму дзяцей у госці да бабуль і дзядуль.
Тэарэтычна з верасня 2025 года ва ўладаў з’яўляецца законная падстава для таго, каб не дазволіць школьніку, які не вучыцца ў беларускай школе, выехаць з Беларусі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное