Вольскі: « Я ўсё баяўся, што будзе, як да 2020 году, што раптам людзі ўжо забыліся на гэтую Беларусь, на гэтую музыку»
Як жывецца, сьпяваецца, пішацца і малюецца ў эміграцыі культаваму беларускаму сьпеваку, мастаку, літаратару, лідэру шматлікіх музычных праектаў Лявону Вольскаму? І што рабіць, калі «чаканьне дастала»? Пра гэта Радыё Свабода пагаварыла з самім Лявонам напярэдадні ягонага канцэрту ў Празе і Брне.

«Гэта будзе эксклюзіўнае шоў»
— Давай пачнем з канцэртаў у Празе і Брне, якія адбудуцца 1 і 2 сакавіка...
— Гэта будзе эксклюзіўнае шоў. Упершыню цэлы канцэрт мы зайграем разам з Алесем Ясінскім, суперінструмэнталістам, які грае на акардэоне. Канцэрт будзе доўжыцца больш за паўтары гадзіны.
Мы мелі ўжо грунтоўную рэпэтыцыю з Алесем, і я ўпэўнены, што ўсё ў нас атрымаецца вельмі добра, як мы любім. І разам з публікай мы пасьмяёмся, пасумуем, падумаем, паразмаўляем, як заўсёды на такіх цёплых акустычных, камэрных канцэртах. Ну і музыкі будзе шмат таксама.
— Колькасьць тваіх канцэртаў уражвае. Хочаш узяць інтэрвію, а Вольскі ці ў дарозе, ці на рэпэтыцыі, але выступае. Колькі ў сярэднім канцэртаў за год?
— Мы ня лічым канцэртаў, бо яны вельмі розныя. Напрыклад, мы ўвосень зьезьдзілі ў такі грунтоўны заходні канцэртны тур, але гэта былі сольныя канцэрты, я адзін выступаў з гітарай. Таму там было болей усякіх размоваў, нават стэндапу, інтэрактыўнай працы з публікай. Было досыць весела і нязмушана, я б сказаў.
А ёсьць канцэрты, калі мы едзем усім гуртам, гэта крыху іншая стылістыка, там працуе ўжо канцэртная агенцыя, у нас ёсьць зарэзэрваваныя пляцоўкі. Звычайна гэта Польшча, але мы езьдзілі такім чынам у Мюнхэн таксама.
Колькі канцэртаў за год? Відаць, болей, чымсьці было ў Беларусі. У Беларусі можна было сабе дазволіць раз на год адзін тур па абласных цэнтрах, яшчэ па парачцы гарадоў тыпу Сьветлагорску, дзе ёсьць нейкая прамысловасьць, якая дазваляе гораду прымаць гурты. Раней таксама практыкаваліся замежныя заходнія выезды, але столькі беларусаў не было за мяжой і значна меней людзей цікавілася беларускай музыкай.
Я ўсё баяўся, што будзе, як раней, да 2020 году, што раптам людзі ўжо забыліся на гэтую Беларусь, на гэтую музыку, раптам яны ўжо асыміляваліся, раптам ім ужо ня вельмі трэба... Але паўсюль на канцэртах было людна.
— Як мянялася твая аўдыторыя за амаль 35 гадоў музычнай кар’еры?
— Напачатку гэта былі студэнты ў асноўным, людзі, якіх цікавіць усё новае, новая музыка. Тады гэта была новая музыка. Зь цягам часу пачалі прыходзіць людзі зь дзецьмі. Цяпер ужо шмат самых розных пакаленьняў прыходзяць.
«Вельмі шмат людзей у Беларусі наогул не цікавіліся беларускай музыкай да 2020 году»
— Як шмат нэафітаў прыйшло на канцэрты ў 2020-м і пасьля? Як яны мяняліся за гэтыя амаль пяць гадоў?
— Шмат, бо вельмі шмат людзей у Беларусі наагул не цікавіліся беларускай музыкай да 2020 году. Былі ў іх такія штампы яшчэ савецкія, што беларускае ня можа быць якасным, што значна лепей робіцца ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе, а лепей за ўсё ў Галівудзе.
Але зь цягам часу, больш за ўсё пасьля 2020 году, вялікая колькасьць людзей абудзілася і пачула ў гэтых словах і ў гэтай музыцы тое, што там насамрэч было закладзена.
— Раскажы аб праекце «Нашы ў Польшчы».
— У любым польскім горадзе будзе вуліца імя нейкага дзеяча, зьвязанага зь Беларусьсю. Найперш гэта героі ўсялякіх польска-беларуска-літоўскіх паўстаньняў — і Каліноўскага, і Касьцюшкі, а таксама розныя літаратары, якіх мы маглі б дзяліць, але навошта нам дзяліць, калі яны належаць і Польшчы, і Беларусі. І бывае часта, што і Літве.
Напрыклад, Людвік Кандратовіч, ён жа Уладзіслаў Сыракомля. У Варшаве ажно дзьве вуліцы — адна Сыракомлі, другая Кандратовіча. Вельмі шмат такіх значных пэрсонаў, якія зьвязаныя зь Беларусьсю ня толькі фактам свайго нараджэньня, а паводле таго, што яны і ўсьведамлялі сябе крэўна, не скажу, што беларусамі, але людзьмі, якія паходзілі вось з гэтай нашай тэрыторыі, якая цяпер завецца Беларусьсю. І таму захацелася гэта неяк сыстэматызаваць.
«Сапраўды няма мяжы абсурду»
— Што рабіць, калі здаецца, што дна няма, што нічога добрага наперадзе, калі «чаканьне дастала» сапраўды? Якія тут формула аптымізму ці формула выжываньня ад Лявона Вольскага?
— Я не псыхоляг і не магу раіць, бо гэта адказнасьць вялікая. Сам я ратуюся часьцей за ўсё іроніяй, сарказмам і гумарам. Бо ў любой сытуацыі можна знайсьці забаўныя моманты, за якія можна зачапіцца і з чаго можна сьмяяцца. Насамрэч у любой сытуацыі. І праз гэта можна ўратаваць сябе. Калі суцэльна чорнае ці суцэльны нэгатыў і ты ня бачыш ніякага прасьвету ў гэтым...
А пачынаючы з пэўнага часу, з 2020 году, мы бачым, як усё разьвіваецца паводле нейкага дзіўнага сцэнару і сапраўды няма мяжы абсурду. Але само па сабе гэта вельмі цікава. Прынамсі гэта цікавы час і нам пашчасьціла жыць у ім.
— А ці можна паглядзець іранічна на падзеі 2020 году?
— Безумоўна, можна. Ну як без іроніі глядзець на чалавека, які выходзіць да працаўнікоў заводу. Ён лічыць, што гэта ягоныя людзі, што гэта ягоны завод, што ён вось гэтымі рукамі гэты завод пабудаваў, а тут яму пачынаюць крычаць. Відаць, як ён мяняецца ў твары, як яго плюшчыць. Досыць сьмешна і весела за гэтым назіраць.
Было яшчэ шмат момантаў, калі выходзілі да людзей тыя, каго пасылалі туды, усякія там старшыні розных камітэтаў, розныя людзі на пасадах, якія не маглі давесьці нават сваю думку, таму што там не было чаго даводзіць практычна. Бо трэба было б даводзіць: «Я хачу застацца на гэтай пасадзе, а вы мне перашкаджаеце, не даяце. Разыходзьцеся, я хачу дапрацаваць і пайсьці капаць свой агарод на лецішчы».
Было шмат і сьмешных, і аптымістычных момантаў, калі зьбіраліся поўныя плошчы людзей... Ніхто гэтага не чакаў. Здавалася, што народ у Беларусі амаль зусім апалітычны, а тут плошчы ўсіх гарадоў у бела-чырвона-белых сьцягах, чаго я абсалютна не чакаў. Мне здавалася, што гэта сакрамэнтальны сымбаль нашай вузкай купкі творчых, апазыцыйна настроеных людзей, а тут, як высьветлілася, мільёны людзей думаюць у блізкім рэчышчы. І гэта было вельмі цікава, аптымістычна.
— Ці былі шанцы?
— Шанцы заўсёды ёсьць, і яны, безумоўна, былі. Адно, што, на мой погляд, не было шанцаў на ўзброеную барацьбу. Каб выйшлі б людзі з паляўнічымі стрэльбамі і пачалі б адстрэльваць так званых сілавікоў, тады выйшлі б танкі на вуліцы і падушылі б людзей. Бо з таго боку няма ніякіх маральных і этычных фактараў, якія стрымліваюць. Гэтага не існуе проста ў барацьбе за ўладу.
У адрозьненьне ад другога боку, бо беларускія апазыцыянэры ніколі не пераступалі гэтай лініі, за якой пачынаецца ўзброеная барацьба і грамадзянская вайна. Але шанцы і ў такога мірнага пратэсту былі, безумоўна. Мы бачылі па падзеях у іншых краінах, што калі сілавы блёк бачыць, што на вуліцах мільёны людзей, хаця б сотні тысяч, ён пачынае хістацца і хтосьці проста складае зброю і гаворыць: «Я пад’ядноўваюся да гэтых людзей, да большасьці». У нашым выпадку гэтага не адбылося.
«Сотні людзей перажываюць падобныя пачуцьці, падобную трагічную сытуацыю»
— Я памятаю, як у 2002 годзе карэспандэнтка Свабоды рабіла рэпартаж з разьвітаньня з бацькам. Яно адбывалася ў Менску ў будынку пратэстанцкай царквы. Было шмат людзей. У студзені памерла твая маці, пісьменьніца Сьвятлана Яўсеева, ва ўзросьце 92 гадоў. Як ты перажыў яе адыход і немагчымасьць разьвітацца?
— І цяпер яшчэ перажываю, не да канца перажыў, бо ясна, што трэба было там прысутнічаць і гэта немагчыма паводле шэрагу абставінаў. Я думаю, што сотні людзей перажываюць падобныя пачуцьці, падобную трагічную сытуацыю. Гэта знак нашага часу. Даводзіцца з гэтым ня тое каб зьмірыцца, а проста з гэтым даводзіцца жыць, нічога ня зробіш.
— Як уплывае так званы «экстрэмісцкі статус», якім рэжым узнагародзіў твае старонкі ў Instagram і Telegram?
— Мы папярэдзілі нашых прыхільнікаў, тых, хто быў падпісаны, што трэба адпісацца, калі ў Беларусі і калі езьдзіце ў Беларусь. Я ня бачу моцнай страты актыўнасьці. Я наогул перажываў, пакуль не давалі экстрэмісцкага статусу маім сацсеткам. Бо ўсе ўжо там, а я яшчэ не, прычым я плявузгаў тое, што думаў, задоўга да 2020 году.
Заварушыліся яны пасьля таго, як мы пачалі анансавалі выпуск альбома «Лісты палітвязьням». І вось тады ўжо нейкі суд вырашыў закляйміць таўром «экстрэміста», «экстрэмісцкага каналу».
— А якая была рэакцыя ўладаў на песьню «Беларусь не Лукашэнка»?
— Прадказальная. Я ня буду называць прозьвішчы, таму што яны не заслугоўваюць гэтага. Пару там лялек, як у лялечным тэатры... такія надзетыя на пальцы ці марыянэткі. Яны абурыліся, таму што трэба было выказаць сваё стаўленьне да гэтай гэтыя «пачварнай», страшнай песьні. На гэтым галачку паставілі, і ўсё.
«Анемпадыстаў пасьля стварэньня «Народнага альбому» меў ідэю стварыць «Марскі альбом»
— «Белсат» кожны год паўтарае запіс «Народнага альбому» ў падляскай опэры ў Беластоку. І, на мой густ, гэта лепш за ўсё навагоднія праграмы, што рыхтуюць штогод. Што б такое ж маштабнае і легендарнае ты б марыў зрабіць на сцэне з калегамі-музыкамі, калі зьявілася такая магчымасьць?
— Па-першае, трэба было паўтарыць «Народны альбом», які празь некаторыя абставіны зараз пакуль не атрымліваецца паўтарыць. А потым ёсьць яшчэ супольныя музычныя праекты. Напрыклад, «Я нарадзіўся тут», таксама можна было б зрабіць такое вяртаньне гэтага праекту.
Міхал Анемпадыстаў пасьля стварэньня «Народнага альбому» меў ідэю стварыць «Марскі альбом». Ён напісаў некалькі песень, і я напісаў некалькі твораў, а потым неяк заціхла праца. Можа, раптам ёсьць чарнавікі некаторыя ў Міхала і можна, абапіраючыся на іх, напісаць паўнавартасны супольны музычны праект, прыцягнуць да супрацы іншых вакалістаў, іншых музыкаў, як мы і меліся, але не пасьпелі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное