Политика

Вячорка: «Як толькі мы становімся на бок Лукашэнкі, у любой форме — то робім усіх беларусаў закладнікамі гэтай вайны»

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — пра небяспеку «перагортвання старонкі».

Франак Вячорка

— Уся гэта дыскусія пра перамовы vs ціск досыць штучная, гэтаксама як і шкодны падзел на «радыкальных» і «памяркоўных», — піша Франак Вячорка. — Нічога карыснага, акрамя нейкіх разборак і крыўдаў яна не дае.

Гавораць пра адно і тое ж, рознымі словамі. Усе хочуць вызваленьня палітвязьняў, усе хочуць зьменаў у Беларусі. Ды і нават тыя, хто нібыта супраць ціску, далей кажуць, што санкцыі ПАТРЭБНЫ, каб вызваліць людзей.

Яшчэ вялікая хіба — не заўважаць кантэкст вайны і саўдзелу Лукашэнкі. У гэтай дыскусіі ігнаруецца гэты факт — а менавіта ён фармуе ў вялікай ступені палітыку Захаду да рэжыму.

І як толькі мы становімся на бок Лукашэнкі, у любой форме — ці заклікам да спыненьня ціску, ці адмовы ад палітычнай барацьбы, — то робім усіх беларусаў закладнікамі гэтай вайны, і потым ужо нікому не патлумачым, што беларусы і рэжым не адно і тое ж. Будзем несьці паўнату адказнасьці за яго злачынствы, заявы, і дзеяньні, разам з Расеяй.

Так, вызваленьне палітвязьняў — безумоўна прыярытэтная задача. Але мэта ж — незваротныя дэмакратычныя зьмены і захаваньне незалежнасьці.

І спыненьне рэпрэсіяў — першы крок да дээскаляцыі. І гэты крок павінен зрабіць рэжым.