«За макарунамі з «Пагоняй» на Дзень Волі стаяла чарга і ўсім не хапіла»

Як пазбавіцца тугі, пра дапамогу беларусаў, родную Зэльву і дзіцячую мару з Зянонам Пазняком, «Салідарнасці» распавёў уласнік першай сапраўднай беларускай кавярні ў Варшаве «Kakao. Białoruskie wypieki» Яўген Скрабутан.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

— Яўген, каторы год да Дня Волі вы робіце макаруны з Пагоняй...

— ...і ў гэтым годзе таксама зрабілі!

Анансавалі продаж гэтых макарунаў два гады таму, да Дня Волі. Калі прыехаў у кавярню ў дзень свята, аказалася, што за імі стаіць чарга. Усім не хапіла, бо першы чалавек быў гатовы забраць палову таго, што мы тады зрабілі. Але пакуль людзі чакалі, яны ў чарзе паміж сабой перазнаёміліся і падзяліліся.

На другі год мы анасавалі рэзервацыю, можна было замовіць. Аднак аказалася, што наш чалавек прызвычаіўся да таго, што «навошта браніраваць, паеду і набуду».Таму на другі год таксама ўсім не хапіла.

І ў гэтым годзе рэзервацыі таксама малавата, чакаю, што зноў прыйдуць ужывую.

Мы намагаемся падтрымаць святочны настрой, ды і людзі паміж сабой знаёмяцца. А яшчэ нам па добраму скардзіліся: «А як такі макарун з Пагоняй можна есці? Грэх!»

Яшчэ ў нас будуць сыркі з малінавым начыненнем. І калі адкусіць — таксама пабачыш родныя беларускія колеры.

«Людзі заходзілі да нас і проста давалі грошы»

— Вы рабілі акцыю падтрымкі Змітра Дашкевіча, калі з кожнай кавы 5 злотых (1,2 эўра) пералічвалі яго сям’і. І запрашалі беларусаў падтрымаць, заходзіць на каву. Як атрымалася?

— Гэта быў агульнабеларускі сбор грошаў на падтрымку рэпрэсаваных. І мы таксама частку грошай перадалі сям’і Дашкевіча, як і абяцалі. Было няшмат, мо атрымалася назбіраць 70 эўра. А рэшту выручкі ў выніку адправілі ў Фонд салідарнасці. Гэта натуральна для нас: нам дапамагаюць беларусы, і мы дапамагаем таксама.

А як вам дапамагаюць беларусы?

— Былі выпадкі, калі людзі заходзілі да нас і проста давалі грошы, казалі: «Вось, Яўген, бяры, гэта табе на кавярню). Дзякуй за тое, што робіш і распаўсюджваеш беларускую мову, традыцыі і культуру».

Мы нават былі вымушаныя слоік паставіць, бо людзі хочуць быць часткай таго, што мы робім. Ды зрабіць свой унёсак у павялічэнне плошчы нашай кавярні.

— Вы пачыналі бізнэс з жонкай і сястрой, якія пяклі прысмакі, бо ім гэта падабалася. Колькі вас зараз?

— Зараз для нас выпякаюць 5 чалавек. Дзяўчына — макарунікі і бульбачкі, хлопец круціць трубачкі ды арэшкі са згушчонкай. Ёсць дзяўчына, што робіць ванільныя сыркі ў шакаладзе. Жонка адказвае за тарты, пірагі ды печыва. Сястра пячэ хлеб на замову, бо гэта цяжкая праца і на ёй не надта заробіш. Хутчэй як хобі.

— Якая зараз самая вялікая цяжкасць? Мо, думкі ў галаве ці фінансы.

— Думкі ў галаве такія, што пара б ужо разбагацець (усміхаецца). А вымушаны з ранку да вечара хадзіць на працу.

Затое развеяўся міф, што барыста робіць каву за 30 секунд і бярэ за гэта 10 злотых (2,5 эўра). Разумею зараз, што ён не закідвае іх сабе ў кішэню, значна менш. Бо ў Польшчы высокія падаткі, палова ад гэтай сумы. Палова ад астатняга ідзе на кавярню і 2 злотых ідзе табе ў кішэню. Калі робіш сам. Калі работнік — то 1 злоты табе, 1 яму. На жаль гэты бізнэс не такі, як выглядае збоку. 

Вы некалькі разоў з 2006-га вучыліся ў Польшчы, але кожны раз вярталіся ў Беларусь. Пасля 2020-га эміграцыя сталася вымушанай. Які перыяд за гэтыя гады быў найбольш балючы?

— Ведаеце, я калі яшчэ вучыўся ў школцы, наша настаўніца казала, што трэба жыць так, каб кожную раніцу стаялі ў цябе новыя боты, а ў кожным горадзе быў свой дом. Я так і жыў: дзе б ні знаходзіўся — мне было добра.

Таму і не было пераломнага моманту, бо я заўсёды быў дома. У Варшаве я ўсіх ведаў, бо пражыў там лепшыя студэнцкія гады. Стрэса не было абсалютна ніякага. Мо толькі у першыя паездкі ў Варшаву, 20 гадоў таму.

Мы былі першым наборам Каліноўцаў, 300 чалавек, і ўсе нашы сябры-прыяцелі засталіся ў Беларусі. Тады хіба не кожныя выходныя я ездзіў у Гародню, бо ўсё маё грамадскае і прыватнае жыццё было там.

Нядаўна мяне спыталі: ці не сумуеш ты па Беларусі? І, задумаўшыся, адказаў: «А няма да каго ехаць: усе сябры альбо ў эміграцыі, альбо ў турме».

Адзінае, чаго не хапала — паездак на сваю Радзіму, у Зэльву. Калі выходзіш з пад’езду, тэлефануеш бабулі, што зараз будзеш, а прыходзіш праз тры гадзіны. Бо сустрэнеш настаўніцу, завуча, аднакласніка, сябра. І ўсе пытаюцца як там. Распавядаеш пра вучобу, грамадскую дзейнасць, пра рэвалюцыю.

Але тут, у Варшаве, я гэтыя паездкі і размовы замяніў кавярней. Бо шмат наведвальнікаў, і з кожным трэба пагаварыць.      

«Пераконвалі мяне, што ў Беларусі парадак і класна: Амерыка не лезе, Брусель не перашкаджае»

— Заходзілі неяк палякі, якія дагэтуль думалі, што ў Беларусі рай. У асноўным, старэйшае пакаленне, якое прыяжджала да нас у другой палове нулявых. Бо яны бачылі чыстыя ходнікі, шырокія вуліцы, жывых людзей. Пераконвалі мяне, што ў Беларусі парадак і класна: Амерыка не лезе, Брусель не перашкаджае.

А я ўспамінаю, як тады прызджаў да бацькоў, хацеў з сябрамі мяса пасмажыць — няма курыцы. Трэба было ехаць за мясам у іншы горад.

Зараз шкадую, што мала дзе пабываў у Беларусі. Ня быў на Гомельшчыне, Віцебшчыне.

— Мо параіце, як аптыміст які даўно прызвычаіўся да Варшавы — што рабіць, калі накрывае туга па Радзіме? Для некаторых у такія моманты з ложку ўстаць ужо подзвіг.

— Так, заўважаю людзей, якім вельмі цяжка. І шчыра здзіўляюся, што такі стан і ў некаторых маіх сяброў, якія даўно жывуць у Варшаве, маюць добрую працу, набылі кватэры, нарабілі дзяцей. Здаецца, ўсё акей. Але і антыдэпрэсанты, і псіхолагі, псіхіятры. Вельмі страшна, бо не магу гэта патлумачыць. Бо ў Беларусі, можа, пра гэта не гавораць, ці беларусы там па іншаму сябе адчуваюць.

Я кожны дзень чую гісторыі, што людзям горш, чым мне. Спадзяюся мой аптымізм не скончыцца, бо гэта сапраўды не жарты, гэта чалавечы мозг, псіхіка. Пацёмкі.

Быў цікавы выпадак падчас навучальнага візіту ў Грузію. Мы вывучалі рэформы, якія праводзіў Саакашвілі. А ўвечары хадзілі па вуліцах, «збіралі фальклор». І грузіны, якіх Саакашвілі паскарачаў як чыноўнікаў і якія пайшлі працаваць у таксі або ў прастытуцыю, казалі што «рукі-ногі ёсць, галава на месцы, я працаваць магу, магу зарабіць. Магу жыць!» Старэйшыя казалі, што «Саакашвілі, канешне, кепскі чалавек, бо ў нас было жыццё-маліна і грошы, але, калі б ён нас не паразганяў, наша краіна не атрымала б шанцу расквітнець». Тады да іх паехалі турысты, прыцягнулі інвестыцыі.

Памятаю, як мы прыляцелі ў Грузію і адзін памежнік ставіў пячатку ў паспарт, а другі працягнуў мне бутэльку віна: «Запрашаем у Грузію!»  

Вяртаючыся да беларусаў. Можа гэта кепска — раўняцца на тых, каму горш, бо трэба цягнуцца да тых, каму лепш і хто мае большыя магчымасці. Бо нас прывучылі да таго, што вайны няма, чарка-шкварка, пенсію своечасова даюць хоць і малую.

Трэба імкнуцца да лепшага. Але, на жаль, мы зараз жывем у часы інстаграма, калі здаецца, што можна жыць па багатаму, нічого не робячы. І моладзь думае, што гэта рэальна.

Галоўная праблема нашай апошняй вымушанай эміграцыі ў тым, што гэта добры шанец пераняць нешта новае і лепшае ў палякаў, паглядзець як жывуць інакш, але беларусы ў большасці сваёй не выкарыстоўваюць гэту магчымасць. Прыехалі і варацца ў сваім гета, маюць зносіны паміж сабой, шукаюць беларускія клубы і школы, лекараў і трэнераў. І мала што бацачь вакол сябе. Можа, з-за гэтага ім сумна?

Не маюць патрэбы размаўляць па польску. А ў гэтым разе ты не можаш паўнавартасна кантактаваць з польскім чалавекам, не даведаешся ад яго жартаў, гісторый. І нічому не навучышся.

«Мы для ўкраінцаў былі як рускі мір са знакам якасці»

— Калі вы распавядалі пра Зэльву, то казалі, што з маленства бачылі прадвыбарныя ўлёткі з Пазняком, за якога галасавалі ваш дзед і бацька. І гэтыя ўлёткі на слупах віселі ажно до нулявых. Не Зэльва, а нейкае апазіцыйнае мястэчка!

— Я нават пазнаёміўся з чалавекам, які тыя ўлёткі вешаў. Мой сусед, вядомы апазіцыянер, яшчэ ў 90-я збіраў людзей на гарадскім стадыёне ды праводзіў пікеты. Галоўны бэнээфавец на ўвесь раён.

І кожны раз, калі я сустракаўся з Зянонам Станіслававічам, той заўсёды перадаваў прывітанні спадару Юрасю. Ён калі клеіў тыя ўлёткі, то нашмароўваў спецыяльным клеям, які не адарваць. І гэта ўсё перавярнула маё дзяцінства з ног на галаву.

Дык і наша Ларыса Геніюеш жыла ў Зэльве, і да яе прыяжджалі людзі са ўсяго свету. Перапісваліся. Нічога дзіўнага для нашага гарадка.

А зараз да мяне ў кавярню прыходзяць беларусы з беларускіх мястэчак, пра якія я ўвогуле ніколі не чуў. А для іх гэта іх маленькія і родныя Радзімы. І гэта файна.

У вас у кавярні вісяць партрэты Ларысы Геніюш, Змітра Дашкевіча і Зянона Пазняка. Мо каго яшчэ плануеце дадаць?

— Дык месца няма! А гэта людзі, якія паўплывалі на мой светапогляд. Падмурак, на якім я выхоўваўся.

Я і палякам распавядаю пра іх. Украінцы здзіўляюцца, што ў беларусаў таксама ёсць свае героі, традыцыі і каштоўнасці. І што наша нацыянальная ідэя вельмі падобная да іхняй. Бо да таго, як чуў, мы для ўкраінцаў былі як рускі мір са знакам якасці. Чысціня, парадак і для украінцаў Лукашэнка, мо ў 2019-м, быў ледзь не самым папулярным палітыкам.

Людзі прыходзяць да нас нават не па каву і прысмакі, хутчэй па камунікацыю, інфармацыю, кантакты. Любяць пасядзець, паразмаўляць. Многія палякі ўзгадваюць пра свае беларускія карані.

Адзін дзядуля прыйшоў, а ў яго слёзы з вачэй. Кажа: «Узгадаў, што аказваецца я таксама беларус!» Бо 90 гадоў таму збіраў грыбы пад Маларытай. І каб раптам не праходзіў міма нашай кавярні і не пабачыў шыльду «беларуская», ён бы гэтага не ўзгадаў. Мы з ім сядзелі, і ён распавядаў мне гісторыі са свайго дзяцінства. 

Прыйшла жанчына і кажа: «Ой, і я калісьці па-беларуску ўмела размаўляць». Аказалася, ў 1989-м яна скончыла ў Варшаве беларускую філалогію. А я — у 2009-м. І мы ўзгадалі тых самых выкладчыкаў, але яны ей выкладалі маладымі, а пасля майго выпуска многія на пенсію пайшлі.

Яна вельмі добра размаўляла па-беларуску, хоць апошні раз карысталася нашай мовай ў 1993-м і даўно жыве ў Лондане. Але гучала так, быццам яна ўчора вярнулася з нейкай беларускай вёскі.

А аднойчы прывезлі аўтобус польскіх школьнікаў, якія закідалі мяне пытаннямі пра Беларусь. І я распавядаў ажно з 2001-га, як трывала маё змаганне. Калі ў 10-м класе ляпіў налепкі на слупах у Зэльве. Яны на мяне глядзелі, як на ветэрана (усміхаецца).

З іншага боку я бачу людзей, для якіх перад 2020-м нічога не было. Распавядаю і ім.

Людзям падабаецца наша адкрытасць, стаўленне да кліентаў. Гэта нават цяжка назваць бізнэсам, хутчэй гэта такі маленечкі культурны цэнтр. Я гэтым калісьці займаўся калі жыў у Беларусі. Мы рабілі старонку ў фэйсбуку «Беларусь па-польску». Стараліся распавесці палякам пра нашу краіну, рабілі нейкія фоткі, перакладалі тэксты на польскую мову. Арганізоўвалі экскурсіі, дапамагалі людзям прыехаць, набыць квіток, зняць кватэру ў Беларусі. Дапамагалі знаходзіць сваякоў.

Але ўсё гэта рабілася праз інтэрнэт. Зараз маем памяшканне, фактычна —прадстаўніцтва гэтай старонкі ў фэйсбуку. І робім у прынцыпе тое самае — чым займаўся і ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)